Дата стварэння: 02.11.2023 16:24:31
Дата змены: 27.02.2025 16:09:04
Антыфашы́сцкія арганіза́цыі
Падпольныя патрыятычныя групы, арганізацыі, камітэты, якія дзейнічалі на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі, пераважна ў заходніх абласцях, пад кіраўніцтвам мясцовых падпольных органаў і арганізацый КП(б)Б у 1941–1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Ствараліся камуністамі, камсамольцамі, беспартыйнымі актывістамі. Многія антыфашысцкія арганізацыі ўзніклі па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам былых членаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) і Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ) перш за ўсё ў тых раёнах, дзе ў перыяд панавання Польшчы актыўна дзейнічала партыйнае і камсамольскае падполле.
У сваёй рабоце былыя члены КПЗБ і КСМЗБ творча выкарыстоўвалі вопыт нацыянальна-вызваленчай барацьбы, арганізацыйныя формы і структуру рэвалюцыйнага падполля.
Антыфашысцкімі называліся таксама асобныя падпольныя партыйна-камсамольскія арганізацыі і камітэты, якія дзейнічалі ва ўсходніх абласцях рэспублікі.
Вялікую праслойку ў антыфашысцкіх арганізацыях складалі камуністы і камсамольцы, былыя члены КПЗБ і КСМЗБ.
Падпольным антыфашысцкім арганізацыям былі ўласцівыя выразная структура, высокая арганізаванасць, канспірацыя, сувязь з шырокімі слаямі мясцовага насельніцтва.
Першасным структурным звяном тэрытарыяльнай антыфашысцкай арганізацыі была ячэйка (група з 3–5 чалавек, радзей з 7) на чале з сакратаром (напачатку выбіраўся, пазней назначаўся), 5–7 ячэек аб’ядноўваліся ў падраён (часам гэта звяно адсутнічала), 3–4 падраёны — у падпольную раённую антыфашысцкую арганізацыю, якой кіраваў камітэт. У Вілейскай і Пінскай абласцях, на усходзе Баранавіцкай вобласці раённыя антыфашысцкія арганізацыі не ствараліся, дзейнасць ячэек накіроўвалі партыйныя арганізацыі партызанскіх атрадаў і брыгад.
У склад раённага антыфашысцкага камітэта ўваходзілі сакратар, 2 намеснікі, «тэхнік» (забяспечваў падпольшчыкаў літаратурай і іншымі матэрыяламі), інструктар.
Раённыя антыфашысцкія арганізацыі аб’ядноўваліся ў міжраённыя (акруговыя), абласныя арганізацыі на чале з іх камітэтамі.
На тэрыторыі Беларусі дзейнічалі: 2 абласныя антыфашысцкія арганізацыі, 3 міжраённыя (акруговыя) антыфашысцкія арганізацыі, 4 гарадскія антыфашысцкія арганізацыі, 27 раённых антыфашысцкіх арганізацый, якія аб’ядноўвалі больш за 12 тыс. чалавек.
Вакол антыфашысцкіх арганізацый групаваліся «сімпатыкі» (спачуваючыя). Яны дапамагалі наладжваць сувязь з насельніцтвам, арганізоўваць яго барацьбу з акупантамі.
Члены антыфашысцкіх арганізацый праводзілі палітыка-масавую работу, падтрымлівалі сувязь з партызанскімі фарміраваннямі, удзельнічалі ў іх стварэнні (самі арганізавалі больш за 10 груп і атрадаў), папаўнялі іх рады новымі байцамі, забяспечвалі зброяй і боепрыпасамі, медыкаментамі, цёплай вопраткай, прадуктамі, рабілі дыверсіі на прадпрыемствах і транспарце, вялі разведку на камунікацыях ворага, зрывалі ваенныя, эканамічныя, палітычная і арганізацыйныя мерапрыемствы акупантаў.
Аддаючы значную ўвагу дзейнасці антыфашысцкіх арганізацый, ЦК КП(б)Б у сваім пісьме «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР» ад 22 чэрвеня 1943 г. падкрэсліваў неабходнасць узмацнення партыйнага кіраўніцтва дзейнасцю антыфашысцкіх арганізацый, умелага выкарыстання рэвалюцыйных традыцый насельніцтва заходніх абласцей БССР і вопыту падпольнай барацьбы КПЗБ; указваў, што стварэнне ў гарадах і вёсках разгалінаванай сеткі падпольных антыфашысцкіх арганізацый з беспартыйных патрыётаў мае вялікае значэнне ва ўмацаванні сувязі з масавай партызанскай барацьбой супраць гітлераўскіх захопнікаў.
Сярод арганізатараў і кіраўнікоў антыфашысцкага падполля ў заходніх абласцях рэспублікі былі: I. П. Урбановіч, А. С. Азончык, Д. К. Сукачоў, Я. М. Афанасьеў, М. М. Уладыка, Б. I. Гардзейчык, А. М. Дурэйка, I. I. Жышка, М. Е. Крыштафовіч, А. Ф. Манковіч, А. М. Мініч, Ф. З. Місько, М. А. Несцярук, М. I. Паўлоўскі, М. Ф. Трында, В. В. Янушка і інш.
Верхось В. П. В борьбе закаленные. – Минск: Беларусь, 1970.
За край родной. Воспоминания партизан и подпольщиков Барановичской области / Редкол.: А. И. Залесский [и др.]. – Минск: Беларусь, 1978.
Калиберов В. Ф. От сердца к сердцу. – Минск: Беларусь, 1981.
Партийное подполье в Белоруссии, 1941–1944: Страницы воспоминаний. Вилейская, Барановичская, Пинская, Брестская, Белостокская области / Редкол.: В. Е. Лобанок (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1986.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Гребенкина А. А. Брест непокоренный: антифашистское подполье г. Бреста и Брестского района в годы Великой Отечественной войны (1941–1944). – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2005.
Беларусь в годы Великой Отечественной войны 1941–1945 / Редкол.: А. А. Коваленя [и др.]. – Минск: БЕЛТА, 2005.
Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 5: Беларусь у 1917–1945 гг. / Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Экаперспектыва, 2006.
Лукашевич Г. К. Пока мы живы...: мемуары / Г. К. Лукашевич, Т. Г. Цыркунова. – Минск: Мон литера, 2010.
Борисюк Т. Н. Пружаншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945 гг.) // Рэха мінуўшчыны: зборнік навуковых артыкулаў / Рэдкал.: А. С. Горны [і інш.]. – Гродна: ГрДУ імя Я. Купалы, 2011.