Дата стварэння: 02.11.2023 16:26:14
Дата змены: 24.03.2026 10:38:10
Го́мельскі падпо́льны абка́м ЛКСМБ
Гомельскі падпольны абласны камітэт ЛКСМБ.
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Гомельскай вобласці.
Створаны ў жніўні 1941 г. Цэнтральным камітэтам ЛКСМБ і Гомельскім абкамам КП(б)Б перад акупацыяй г. Гомель нямецка-фашысцкімі захопнікамі, працаваў з 19 жніўня 1941 г. пад кіраўніцтвам ЦК ЛКСМБ і Гомельскага падпольнага абкама КП(б)Б.
Абкамам былі сфарміраваны і ў далейшым дзейнічалі пад яго кіраўніцтвам Жлобінскі падпольны міжрайкам ЛКСМБ, Гомельскі падпольны гаркам ЛКСМБ, 14 райкамаў — Буда-Кашалёўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Веткаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Добрушскі падпольны райкам ЛКСМБ, Жлобінскі падпольны райкам ЛКСМБ, Журавіцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Кармянскі падпольны райкам ЛКСМБ, Лоеўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Рагачоўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Рэчыцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Свяцілавіцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Стрэшынскі падпольны райкам ЛКСМБ, Уваравіцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Церахоўскі падпольны райкам ЛКСМБ, Чачэрскі падпольны райкам ЛКСМБ (гл. таксама Раённыя падпольныя камітэты ЛКСМБ), 253 тэрытарыяльныя, 59 пярвічных камсамольскіх арганізацый у партызанскіх фарміраваннях, усяго каля 5 тыс. камсамольцаў.
На тэрыторыі вобласці працавалі ў падполлі (не з’яўляючыся членамі Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ) члены даваеннага складу Гомельскага абкама ЛКСМБ М. Ц. Рыцікаў (з 18.8.1941 да мая 1943, сакратар Кармянскага падпольнага райкама ЛКСМБ) і В. Л. Ганчарова (са жніўня 1941 да лістапада 1943, падтрымлівала сувязь з А. Д. Рудаком і А. А. Біруковым).
Абкам базіраваўся ў партызанскіх фарміраваннях на тэрыторыі Гомельскага, Лоеўскага і Рэчыцкага раёнаў.
Спыніў сваю дзейнасць 26 лістапада 1943 г.
Сакратары абкама: А. Д. Рудак (1‑ы сакратар, член ЦК ЛКСМБ), А. А. Бірукоў (да 1.7.1943, адначасова сакратар Рагачоўскага падпольнага райкама ЛКСМБ; з ліпеня 1943 сакратар Пінскага падпольнага абкама ЛКСМБ), А. Л. Ісачанка (да 8.10.1942, адначасова сакратар Гомельскага падпольнага гаркама ЛКСМБ, член ЦК ЛКСМБ, загінуў), Я. У. Літвінаў (да 17.11.1941, загінуў), I. Я. Палякоў (з 18.7.1942); члены абкама: М. Ф. Юрскі (з 1.8 да 1.10.1942, загінуў), Я. Я. Квачоў (з 28.3.1943), У. Р. Хамянок (з 3.6.1943); у апараце абкама працавалі: інструктар абкама А. I. Бабчонак (з 1.6 да 1.10.1943), лектар К. П. Ліхачоў (з 1.4.1943).