pdf

«ЛЕНИНСКИЙ ПРИЗЫВ»

Дата стварэння: 02.11.2023 16:32:09

Дата змены: 11.09.2024 14:28:46

«Ле́нинский призы́в»

Газета, заснавана ў сакавіку 1918 г. пад назвай «Известия Совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов Оршанского уезда». Назва выдання неаднаразова змянялася: «Набат» (кастрычнік 1918 — май 1920), «Известия» і «Известия Оршанского уисполкома» (з мая 1921), «Камуністычны шлях» (кастрычнік 1925 — чэрвень 1930), «Змычка» (кастрычнік 1930 — студзень 1931), затым «Ленінскі прызыў». Орган Аршанскага райкама КП(б)‌Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Віцебскай вобласці, з сакавіка 1940 г. орган Аршанскага гаркама і Аршанскага райкама КП(б)‌Б, гарадскога і раённага Саветаў дэпутатаў працоўных. Выходзіла да 18 чэрвеня 1941 г.

У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Аршанскага падпольнага райкама КП(б)‌Б і партызанскай брыгады 1‑й імя К. С. Заслонава. Шрыфт і фарбу здабылі ў нямецкай друкарні падпольшчыкі, якія працавалі там (група «Патрыёты Радзімы», складалася з сямі чалавек, кіраўнік А. П. Нікалаеў). Было выпушчана 35 нумароў газеты. Тыраж кожнага нумара складаў 650 экзэмпляраў. Вядома 9 нумароў (№ 1, 3, 4, 8 за 1943; № 9–13 за 1944) за перыяд з 27 ліпеня 1943 г. да 20 красавіка 1944 г. на рускай мове. Рэдактар Б. К. Іваноў. Сакратар рэдакцыі А. І. Стук.

Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад назвай «Ленінскі прызыў». З 1965 г. друкавалася як орган Аршанскага райкама і Аршанскага гаркама КПБ, раённага i гapадскога Саветаў дэпутатаў працоўных (Саветы народных дэпутатаў з 1977).

З 1991 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Аршанская газета» 2 разы на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Аршанскі раённы выканаўчы камітэт і Аршанскі раённы Савет дэпутатаў, рэдакцыя газеты.