Дата стварэння: 02.11.2023 16:32:24
Дата змены: 11.09.2024 15:26:25
«Ле́нінец»
Газета, заснавана ў 1930 г. пад назвай «Барацьбіт за калектывізацыю» (першы вядомы нумар — № 3 за 30.11.1930) як орган Плешчаніцкага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Мінскай вобласці. З чэрвеня 1938 г. мела назву «Ленінец». Выходзіла да 23 чэрвеня 1941 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Плешчаніцкага падпольнага райкама КП(б)Б. Выдавалася ў друкарні Лагойскага падпольнага райкама КП(б)Б Мінскай вобласці (Руднянскі лес). Штодэкадная. Вядома 26 нумароў (№ 1–10, 12–14, 21–22 за 1943; № 23–33 за 1944) за перыяд з 8 сакавіка 1943 г. да 18 мая 1944 г. на рускай і беларускай мовах. Рэдактар С. Ц. Барадаўкін.
Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад той жа назвай як орган Плешчаніцкага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных. Выданне спынена на № 33 за 25 красавіка 1962 г. у сувязі са скасаваннем Плешчаніцкага раёна.