ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ДОБРУШСКАЯ ІМЯ І. В. СТАЛІНА, Гомельскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ДОБРУШСКАЯ ІМЯ І. В. СТАЛІНА

Дата стварэння: 02.11.2023 16:38:58

Дата змены: 21.08.2025 11:12:14


Партыза́нская брыга́да До́брушская імя́ I. В. Ста́ліна

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Добрушскага, Веткаўскага і Церахоўскага раёнаў Гомельскай вобласці.

Створана ў ліпені 1943 г. на базе атрада імя В. М. Молатава (арганізаваны ў маі 1943); пры фарміраванні брыгады з яго часткі арганізаваны атрад імя С. М. Будзённага.

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Гомель — Бранск, Гомель — Жлобін, Гомель — Бахмач. У жніўні і верасні 1943 г. удзельнічалі ў баях за ўтрыманне партызанскай зоны і выхад з акружэння падчас карных аперацый. У верасні 1943 г. з часцямі Чырвонай арміі ўдзельнічалі ў вызваленні тэрыторыі Добрушскага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 27 верасня 1943 г., на той момант уключала атрады імя В. М. Молатава і імя С. М. Будзённага, у якіх налічваўся 771 партызан.

Камандзір брыгады I. П. Крывенчанка, камісар I. М. Гатальскі, начальнік штаба П. Ф. Захараў.

Ф. Я. Кухараву — камандзіру дыверсійнай групы атрада імя В. М. Молатава — прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У Добрушскім раёне ў гонар брыгады ў в. Харошаўка ў 1977 г. і ў пас. Уборак у 1980 г. пастаўлены стэлы.