ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ ЛЕНІНСКАГА КАМСАМОЛА, Баранавіцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ ЛЕНІНСКАГА КАМСАМОЛА

Дата стварэння: 02.11.2023 16:40:33

Дата змены: 11.09.2024 15:00:12

Партыза́нская брыга́да імя́ Ле́нінскага камсамо́ла

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Васілішкаўскага, Радунскага і Шчучынскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.

Створана ў верасні 1943 г. на базе атрада імя Ленінскага камсамола, арганізаванага ў сакавіку 1943 г. з партызанскіх і падпольных груп, якія дзейнічалі з восені 1941 г., і ініцыятыўнай групы А. В. Станкевіча з брыгады «Дзядзькі Васі» (гл. Партызанская брыгада «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага). Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрады імя Р. І. Катоўскага і імя А. М. Матросава, у снежні 1943 г. — атрад «За Савецкую Беларусь», у чэрвені 1944 г. — атрад імя Ванды Васілеўскай.

Партызаны вялі агітацыйна-масавую работу сярод насельніцтва, ахоўвалі мясцовых жыхароў ад загубы і вывазу на катаржныя работы ў Германію, разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Азёры і Кобраўцы Васілішкаўскага pаёна, знішчылі 22 маёнткі гітлераўцаў. Праводзілі дыверсіі на чыгунках Вільнюс — Гродна і Гродна — Ліда.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 11 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Р. І. Катоўскага, імя А. М. Матросава, «За Савецкую Беларусь», імя Ванды Васілеўскай, у якіх змагаліся 462 партызаны.

Камандзіры брыгады: А. В. Станкевіч (загінуў), А. А. Патапаў; камісары: А. А. Патапаў, Б. I. Гардзейчык; начальнікі штаба: Д. Ц. Іёнка, Н. Л. Нагорны, I. П. Анапрыенка.