Дата стварэння: 02.11.2023 16:41:00
Дата змены: 28.05.2025 12:03:57
Партыза́нская брыга́да Лаго́йская «Бальшаві́к»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Лагойскага раёна Мінскай вобласці.
Створана ў лютым 1944 г. на базе атрадаў: «Бальшавік» № 1 (утвораны ў сакавіку 1943, пазней называўся «Бальшавік»), «Бальшавік» № 2 (утвораны ў кастрычніку 1943 з часткі асабовага саставу атрада «Бальшавік» № 1, пазней называўся імя С. М. Будзённага), «Бальшавік» № 3 (утвораны ў верасні 1943, пазней называўся «Спартак»).
Баявыя дзеянні партызаны праводзілі на чыгунцы Мінск — Маладзечна, шашы Лагойск — Мінск. У «Рэйкавай вайне» разбурылі каля 2 км чыгуначнага палатна. У маі 1943 г. разграмілі нямецкі ваенны санаторый у Астрашыцкім Гарадку, у чэрвені, верасні 1943 г. — гарнізоны ў вёсках Косіна, Лагаза. У час наступлення Чырвонай арміі будавалі пераправы і масты цераз рэкі Гайна і Усяжа, знішчалі асобныя варожыя групы.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Бальшавік», імя С. М. Будзённага, «Спартак», у якіх змагалася 547 партызан.
Камандзір Л. Л. Марозаў, камісар М. М. Андрэеў, начальнік штаба В. М. Мягчылаў.
У гонар брыгады ў в. Яну́шкавічы Лагойскага раёна ў 1971 г. пастаўлены помнік.