Дата стварэння: 02.11.2023 16:44:44
Дата змены: 11.09.2024 14:59:29
Партыза́нскі атра́д 41‑ы
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Краснапольскага, Чэрыкаўскага і Прапойскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створаны ў чэрвені 1942 г. на базе групы С. М. Карзюкова, якая дзейнічала з лета 1941 г. Да 25 мая 1943 г. называўся атрад «Вечаркова» (мянушка С. М. Карзюкова), затым 41‑ы. Са жніўня 1943 г. асобны атрад Краснапольскай ваенна-аператыўнай групы.
Партызаны праводзілі дыверсіі на камунікацыях ворага, у т. л. удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначным участку Крычаў — Чавусы на лініі Магілёў — Крычаў, разграмілі варожыя апорныя пункты ў вёсках Беразякі і Старая Каменка Прапойскага раёна. У верасні 1943 г., у час наступлення Чырвонай арміі, на дарозе Краснаполле — Выдранка ў Краснапольскім раёне падарвалі 6 варожых аўтамашын.
Атрад (440 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 1 кастрычніка 1943 г.
Камандзіры атрада: С. М. Карзюкоў, В. Н. Калпаносаў (выконваў абавязкі); камісары: А. I. Ушаў, М. Ц. Кузняцоў, П. М. Марчанка; начальнікі штаба: Б. А. Бурцаў, Г. А. Тычынскі.