Дата стварэння: 02.11.2023 16:45:11
Дата змены: 11.09.2024 14:59:29
Партыза́нскі атра́д 43‑і
Дзейнічаў у час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Прапойскага раёна Магілёўскай вобласці.
Пачаў стварацца ў сакавіку 1943 г. у Прапойскім раёне па ініцыцятыве падпольнай арганізацыі на базе групы М. В. Кліменкі — С. Ф. Саўчанкі. Загадам упаўнаважанага Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б па Паўднёва-Усходняй зоне М. В. Шпака ад 25 мая 1943 г. група пераўтворана ў 43‑і партызанскі атрад.
Партызаны ў маі 1943 г. падарвалі 2 аўтамашыны, у чэрвені 1943 г. вызвалілі 53 вязні з турмы ў г. п. Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), у жніўні разбурылі чыгуначнае палатно на станцыі Верамейкі (Чэрыкаўскі раён Магілёўскай вобласці) на лініі Магілёў — Крычаў, у верасні спалілі 4 масты.
Атрад (381 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 1 кастрычніка 1943 г.
Камандзіры атрада: М. П. Хаблоў, М. В. Навуменка; камісар С. Ф. Саўчанка; начальнікі штаба: М. В. Кліменка, Ф. С. Скальзаеў.