pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА М. М. НІКІЦІНА

Дата стварэння: 17.11.2023 09:02:30

Дата змены: 02.06.2025 10:24:25


Партыза́нская брыга́да М. М. Hiкі́ціна

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Рудзенскага, Чэрвеньскага, Дзяржынскага, Уздзенскага і Бягомльскага раёнаў Мінскай вобласці, Валожынскага, Івянецкага раёнаў Баранавіцкай вобласці і Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

Створана ў ліпені 1942 г. на базе атрада М. М. Нікіціна (фарміраваўся на працягу сакавіка — мая 1942 на базе атрадаў П. І. Знака, А. В. Балікевіча, Я. А. Прыданнікава, Я. С. Бачкарова і асобных партызанскіх груп, рэарганізаваных у 4 роты). У брыгадзе роты былі перафарміраваны ў атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і (былы атрад А. В. Балікевіча, арганізаваны ў верасні 1941), 4‑ы (былы атрад Я. А. Прыданнікава, арганізаваны ў лютым 1942). У жніўні 1942 г. у брыгаду ўліліся атрады І. К. Кузьміна (арганізаваны ў красавіку 1942) і А. І. Каменева (арганізаваны ў маі 1942), перайменаваныя адпаведна ў атрады 5‑ы і 6‑ы.

Баявыя аперацыі партызаны праводзілі на чыгунцы Койданава — Мінск і на шашэйных дарогах. На працягу вясны — лета 1942 г. яны падарвалі 3 эшалоны, 32 аўтамашыны, 12 мастоў, разграмілі 8 апорных пунктаў ворага. Атрад М. М. Нікіціна 14 чэрвеня правёў Александроўскі бой 1942 г.

У жніўні 1942 г. партызаны зрабілі рэйд у Налібоцкую пушчу, потым брыгада рушыла ў бок фронту. У верасні 1942 г. партызаны ўдзельнічалі ў нападзе на варожы гарнізон у г. п. Ушачы.

У верасні 1942 г. у брыгадзе налічвалася 410 партызан, у кастрычніку — 391.

У лістападзе 1942 г. брыгада, якая ўключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы, 5‑ы і 6‑ы, выйшла ў савецкі тыл, дзе была расфарміравана.

Камандзір брыгады М. М. Нікіцін; камісар А. М. Гваздзёў; начальнікі штаба: Васільеў, Н. С. Панкратаў.