Дата стварэння: 28.09.2023 16:33:10
Дата змены: 02.06.2025 11:26:50
Партыза́нская гру́па
Першапачатковая арганізацыйная і баявая адзінка партызанскіх сіл, найменшае партызанскае падраздзяленне. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны партызанскія групы адыгралі важную мабілізацыйную ролю ў арганізацыі партызанскай барацьбы ў тыле ворага.
Ствараліся партыйнымі і савецкімі органамі пераважна на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі, фарміраваліся і ў савецкім тыле. Напачатку арганізатарамі партызанскіх груп выступалі камуністы, былыя члены КПЗБ, камсамольцы, беспартыйныя патрыёты і савецкія ваеннаслужачыя, якія трапілі ў акружэнне ці збеглі з варожага палону. Колькасны склад і ўзбраенне груп былі разнастайнымі, залежалі ад характару задач і ўмоў, у якіх кожная з іх стваралася і дзейнічала.
Паводле прызначэння і спосабу фарміравання партызанскія групы падраздзяляліся на баявыя, арганізатарскія, ініцыятыўныя, спецыяльныя, дыверсійныя, разведвальныя і інш.
Дыверсійныя групы спачатку фарміраваліся ў савецкім тыле з асабовага саставу, які быў абучаны падрыўной справе. З лістапада 1942 г. і асабліва летам 1943 г. пад кіраўніцтвам Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) вялася масавая падрыхтоўка падрыўнікоў у партызанскіх брыгадах і атрадах.
Значны ўклад у разгортванне партызанскай барацьбы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ўнеслі групы, якія засылаліся па лініі Чырвонай арміі і НКУС (НКДБ), а таксама Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР). Засылка гэтых груп пачалася ў канцы лета 1941 г. Такая работа асабліва актывізавалася пасля перамогі Чырвонай арміі пад Масквой у снежні 1941 г. Групы прымалі ўдзел у арганізацыі атрадаў і брыгад, у падрыхтоўцы падрыўнікоў, сумесна з мясцовымі партызанамі ўдзельнічалі ў баявых аперацыях.
Вясной 1942 г. партызанскія групы сталі хутка павялічвацца колькасна ў сувязі з масавым прытокам мясцовага насельніцтва да партызан, выхадам у лес падпольных груп. У выніку гэтага на іх базе актыўна ствараліся партызанскія атрады. Толькі зімой і вясной 1941–1942 гг. на базе партызанскіх груп арганізавана 150 новых атрадаў, за лета 1942 г. іх колькасць павялічылася яшчэ на 121 атрад.