Дата стварэння: 17.11.2023 09:04:05
Дата змены: 28.05.2025 12:03:57
Партыза́нскі атра́д «Мсці́вец»
Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Барысаўскага, Рудзенскага, Пухавіцкага, Дзяржынскага, Старадарожскага, Мінскага раёнаў Мінскай вобласці і Маладзечанскага раёна Вілейскай вобласці.
Створаны ў лістападзе 1942 г. у Маскве і накіраваны ў варожы тыл. З сакавіка 1943 г. — у партызанскай брыгадзе «Беларусь» Мінскай вобласці, з чэрвеня 1943 г. дзейнічаў самастойна.
Партызаны ў маі 1944 г. на чыгуначных участках Стоўбцы — Коласава, Мінск — Рудзенск падарвалі 14 эшалонаў, 24 чэрвеня на ўчастку Седча — Рудзенск з атрадам «Беларусь» — браняпоезд, у маі 1944 г. на шашы Мінск — Слуцк — 4 аўтамашыны, знішчылі больш за 13 км тэлеграфна-тэлефоннай лініі. Удзельнічалі ў баях каля вёсак Кутляны Маладзечанскага раёна (красавік 1943), Дудзічы Рудзенскага раёна (жнівень 1943), Асееўка, Міханавічы (верасень 1943), Залессе (кастрычнік 1943) Мінскага раёна. У час наступлення Чырвонай арміі вялі баі каля вёсак Вомельна, Ліпнікі Пухавіцкага раёна.
Атрад (185 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 3 ліпеня 1944 г.
Камандзіры: К. В. Сідзякін, М. М. Дзягілёў; камісары: М. М. Дзягілёў, М. С. Абрамаў; начальнікі штаба: Ф. Г. Шыхаўцоў, М. С. Абрамаў, В. В. Мусорын.