Дата стварэння: 18.05.2024 09:44:15
Дата змены: 11.09.2024 15:01:49
Партыза́нская брыга́да «Белару́сь»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Рудзенскага і Пухавіцкага раёнаў Мінскай вобласці.
Створана ў сакавіку 1943 г. па ўказанні Беларускага штаба партызанскага руху на базе атрадаў «Беларусь» (арганізаваны ў жніўні 1941), К. В. Сідзякіна (арганізаваны ў лістападзе 1942, у маі 1943 перайменаваны ў «Мсцівец», з чэрвеня 1943 дзейнічаў самастойна; гл. Партызанскі атрад «Мсцівец»), імя І. В. Сталіна (арганізаваны ў чэрвені 1942 на базе групы У. П. Адамовіча, з кастрычніка 1942 — у партызанскай брыгадзе 2‑й Мінскай, са студзеня 1944 дзейнічаў самастойна; гл. Партызанскі атрад імя І. В. Сталіна Мінскай вобласці). У ліпені 1943 г. арганізаваны атрад «За Радзіму», у снежні 1943 г. — атрад «Бальшавік».
Партызаны ў аперацыі «Рэйкавая вайна» падарвалі больш за 520 рэек, папсавалі больш за 2,7 км чыгуначнага палатна. Правялі 53 дыверсіі на мастах, падарвалі 61 аўтамашыну. У верасні 1943 г., лютым і маі 1944 г. вялі баі з карнікамі. Разам з воінамі 73‑й стралковай дывізіі 30 чэрвеня — 4 ліпеня 1944 г. вялі баі з ворагам, які адступаў.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй у пачатку ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Беларусь», «За Радзіму», «Бальшавік», у якіх налічвалася 1 029 партызан.
Камандзіры брыгады: М. П. Пакроўскі, А. С. Юркаўцаў (Юркоўцаў); камісары: М. З. Крамко, I. М. Блажноў; начальнікі штаба: А. С. Юркаўцаў (Юркоўцаў), Ф. Г. Шыхаўцаў (Шыхоўцаў), У. Т. Талкачоў, Ю. I. Яфімкін.
Камандзіру брыгады М. П. Пакроўскаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У гонар брыгады і Рудзенскага падпольнага райкама КП(б)Б каля в. Русаковічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў 1973 г. пастаўлены помнік.