pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 2‑я МІНСКАЯ

Дата стварэння: 02.11.2023 16:36:54

Дата змены: 11.09.2024 15:01:48

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА    2‑я МІНСКАЯ

Памятны знак у гонар штаба 2‑й Мінскай партызанскай брыгады на месцы яго базіравання ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Клятное Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да 2‑я Мі́нская

Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Пухавіцкага, Мінскага, Старадарожскага і Рудзенскага раёнаў Мінскай вобласці.

Створана ў верасні 1942 г. Мінскім (легальным) абкамам КП(б)‌Б на базе атрадаў: «Сокал» (арганізаваны ў жніўні 1942), М. В. Цярэніка (арганізаваны ў чэрвені 1942 на базе партызанскіх груп, якія дзейнічалі з лютага 1942, і партызан атрада Г. Ц. Назарава, што дзейнічаў з ліпеня 1941 і быў рассеяны ў баях з карнікамі ў Пухавіцкім pаёне; пазней імя А. В. Суворава), імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў лютым 1942 як група Г. Я. Столкава, у маі 1942 група рэарганізавана ў атрад, у кастрычніку 1942 перайменаваны), імя М. І. Кутузава (арганізаваны ў красавіку 1942). Пазней у брыгаду ўключаны асобныя атрады імя І. В. Сталіна (арганізаваны ў чэрвені 1942) і імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў лютым 1942). У брыгадзе сфарміраваны атрады: у красавіку 1943 г. — імя М. А. Шчорса, у маі 1943 г. — імя С. К. Цімашэнкі, у кастрычніку 1943 г. — імя П. К. Панамарэнкі, у снежні 1943 г. — імя В. М. Молатава.

У сакавіку 1943 г. атрад імя І. В. Сталіна перададзены партызанскай брыгадзе «Беларусь» Мінскай вобласці, а з групы партызан, вылучанай атрадам імя К. Я. Варашылава, арганізаваны асобны атрад імя М. І. Калініна. На базе атрада імя В. І. Чапаева 25 чэрвеня 1943 г. разгорнута партызанская брыгада імя В. I. Чапаева Мінскай і Беластоцкай абласцей, адначасова з атрадаў імя К. Я. Варашылава і імя М. А. Шчорса створана партызанская брыгада 3‑я Мінская імя С. М. Будзённага. У лістападзе 1943 г. на базе атрадаў «Сокал» і імя С. К. Цімашэнкі сфарміравана партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі Мінскай і Брэсцкай абласцей.

Партызаны брыгады 14 кастрычніка 1942 г. на дарозе Пухавічы — Омельна (Вомельна) ў Пухавіцкім раёне знішчылі 9 аўтамашын, больш за 70 гітлераўцаў. У студзені — лютым 1943 г., чэрвені 1944 г. вялі баі з карнікамі. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Омельна (Вомельна) Пухавіцкага і Дражна Старадарожскага раёнаў. Вывелі са строю электрастанцыі ў вёсках Пухавічы (Пухавіцкі раён), Седча (Рудзенскі раён). У кастрычніку 1942 — красавіку 1943 г. знішчылі 43 масты. У 2‑й палове 1943 г. падарвалі 1 тыс. рэек. Захапілі 28 чэрвеня 1944 г. пераправу цераз р. Пціч і ўтрымлівалі яе да падыходу Чырвонай арміі.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. І. Кутузава, імя А. В. Суворава, імя П. К. Панамарэнкі, імя В. М. Молатава. У атрадах брыгады змагаўся 1 341 партызан.

Камандзіры брыгады: С. М. Іваноў, М. Р. Андрэеў; камісары: А. М. Міхайлаў, П. П. Ванкевіч; начальнікі штаба: I. Н. Цішчанка, Ф. А. Раткевіч.

У гонар штаба брыгады ў в. Клятное Пухавіцкага pаёна Мінскай вобласці пастаўлены памятны знак.