Дата стварэння: 04.03.2024 16:25:37
Дата змены: 28.05.2025 12:04:03
Партыза́нская брыга́да імя́ В. I. Чапа́ева
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Рудзенскага і Пухавіцкага раёнаў Мінскай вобласці (цяпер тэрыторыя Пухавіцкага, Уздзенскага і Чэрвеньскага раёнаў), Поразаўскага і Ружанскага раёнаў Брэсцкай вобласці (цяпер частка тэрыторыі Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці і Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці), Ваўкавыскага, Свіслацкага і Заблудаўскага раёнаў Беластоцкай вобласці (цяпер Ваўкавыскі і Свіслацкі раёны ў Гродзенскай вобласці; Заблудаўскі і частка Свіслацкага ў 1945 перададзеныя Польшчы).
Створана 29 чэрвеня 1943 г. на базе атрада імя В. І. Чапаева партызанскай брыгады 2‑й Мінскай, арганізаванага ў маі 1942 г. у Рудзенскім раёне на базе групы Г. Я. Столкава («Арцёменкі»), якая дзейнічала з лютага 1942 г. Пры стварэнні брыгады ў ёй сфарміраваны атрады імя Г. К. Жукава, М. М. Воранава, «За Радзіму». У жніўні 1943 г. брыгада перададзена Беластоцкаму партызанскаму злучэнню, у верасні — лістападзе 1943 г. здзейсніла пераход у заходнія раёны рэспублікі. У лютым 1944 г. арганізаваны атрад імя 26‑годдзя РСЧА, у чэрвені 1944 г. — атрад імя А. А. Жданава.
Партызаны вялі баі па разгрому гарнізонаў праціўніка, у т. л. ў вёсках Шацк Рудзенскага (цяпер Пухавіцкага) раёна (28.11 і 13.12.1942), Дражна Старадарожскага раёна (14.4.1943), супраць карнікаў у лясах Поразаўскага раёна. На чыгуначных участках Мінск — Рудзенск (лінія Мінск — Асіповічы), лініях Брэст — Баранавічы, Лунінец — Баранавічы падарвалі шмат рэек, эшалонаў, на шашы і чыгунцы спалілі больш за 60 мастоў, знішчылі каля 60 аўтамашын, 2 прадпрыемствы. Разам з Чырвонай арміяй вызвалялі в. Новы Двор Поразаўскага (цяпер Свіслацкага) раёна, вялі баі з варожымі часцямі на дарозе Новы Двор — Пружаны.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 13 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Г. К. Жукава, імя М. М. Воранава, «За Радзіму», імя 26‑годдзя РСЧА, імя А. А. Жданава, у якіх змагаліся 663 партызаны.
Камандзір брыгады X. А. Матэвасьян; камісары: А. I. Мурашка, А. Г. Шламанаў; начальнік штаба Ф. I. Цвяткоў.