pdf

БЕЛАСТОЦКАЕ ПАРТЫЗАНСКАЕ ЗЛУЧЭННЕ

Дата стварэння: 02.03.2023 10:06:19

Дата змены: 11.09.2024 14:48:27


Беласто́цкае партыза́нскае злучэ́нне

Існавала ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Створана ў жніўні 1943 г. паводле рашэння ЦК КП(б)‌Б і БШПР на тэрыторыі Мінскай вобласці з чатырох атрадаў і чатырох груп, што ўваходзілі ў склад партызанскага злучэння Слуцкай зоны; агульная колькасць 744 (па іншых звестках 809) чалавекі.

У верасні — кастрычніку 1943 г. злучэнне разам з Беластоцкім падпольным абкамам КП(б)‌Б здзейсніла 1000‑кіламетровы баявы рэйд па тылах ворага з Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў Беластоцкую вобласць (гл. Партызанскія рэйды). Брыгады і атрады базіраваліся пераважна ў Ліпічанскай і Ружанскай пушчах Баранавіцкай і Брэсцкай абласцей, дзейнічалі дробнымі падраздзяленнямі ў замацаваных за імі раёнах Беластоцкай вобласці.

У злучэнне ўваходзілі: 5 партызанскіх брыгад — імя Аляксандра Неўскага, імя Кастуся Каліноўскага, імя П. К. Панамарэнкі, імя В. І. Чапаева, «У імя Радзімы»; 7 асобных атрадаў — 550‑ы, «Баявы» імя Дунаева, імя Багдана Хмяльніцкага, імя С. М. Будзённага, імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя Г. К. Жукава, імя М. І. Калініна. На пачатак ліпеня 1944 г. злучэнне налічвала 4 165 партызан.

Злучылася з Чырвонай арміяй у ліпені 1944 г., асобныя падраздзяленні выйшлі ў савецкі тыл у жніўні 1944 г. 

Кіраўнічы склад злучэння: першы сакратар Беластоцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б В. Е. Самуцін (жнівень 1943 — ліпень 1944); начальнікі штаба: П. П. Капуста (жнівень 1943 — люты 1944; красавік — ліпень 1944), I. А. Сянкевіч (выконваў абавязкі; люты — красавік 1944).