ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ, Мінскай і Брэсцкай абласцей
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ

Дата стварэння: 18.05.2024 09:53:01

Дата змены: 11.09.2024 15:00:12

Партыза́нская брыга́да імя́ П. К. Панамарэ́нкі

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Пухавіцкага, Старадарожскага раёнаў Мінскай вобласці, Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці, Косаўскага і Ружанскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Свіслацкага і Ваўкавыскага раёнаў Беластоцкай вобласці.

Створана ў лістападзе 1943 г. на базе атрадаў «Сокал» (арганізаваны ў жніўні 1942) і імя С. К. Цімашэнкі (арганізаваны ў маі 1943), вылучаных партызанскай брыгадай 2‑й Мінскай. Адначасова ў брыгадзе быў арганізаваны атрад імя В. В. Талаліхіна, у лютым 1944 г. — кавалерыйскі эскадрон імя І. В. Сталіна. У пачатку ліпеня 1944 г. у склад брыгады быў уключаны асобны атрад імя П. К. Панамарэнкі.

У снежні 1943 г. брыгада пачала баявы рэйд з Пухавіцкага pаёна ў заходнія раёны Беларусі праз Старадарожскі, Клецкі і Ганцавіцкі раёны, летам 1944 г. прыбыла ў Ружанскі раён і ўвайшла ў Беластоцкае партызанскае злучэнне.

Партызаны вялі баі з ворагам, ратавалі савецкіх грамадзян ад гібелі і вывазу на катаржныя работы ў Германію. Праводзілі дыверсіі на чыгуначных участках Рудзенск — Асіповічы, Баранавічы — Ганцавічы. На дарозе Будча — Дзяніскавічы падарвалі некалькі аўтамашын з жывой сілай праціўніка. Вялі баі па ліквідацыі апорных пунктаў ворага. Разам з партызанскай брыгадай імя У. І. Леніна Пінскай вобласці і партызанскай брыгадай 12‑й кавалерыйскай імя І. В. Сталіна разграмілі варожы гарнізон у в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 13 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Сокал», імя С. К. Цімашэнкі, імя В. В. Талаліхіна, імя П. К. Панамарэнкі, кавалерыйскі эскадрон імя І. В. Сталіна, у якіх змагаліся 623 партызаны.

Камандзір брыгады С. М. Іваноў, каміcap Р. Д. Юркевіч, начальнік штаба I. Н. Цішчанка.