pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 3‑я МІНСКАЯ ІМЯ С. М. БУДЗЁННАГА

Дата стварэння: 17.11.2023 09:03:27

Дата змены: 11.09.2024 14:39:57

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА    3‑я МІНСКАЯ ІМЯ С. М. БУДЗЁННАГА

Помнік 3‑й Мінскай партызанскай брыгадзе імя С. М. Будзённага на месцы базіравання яе штаба ў вёсцы Селецк Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да 3‑я Мі́нская імя́ С. М. Будзённага

Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Пухавіцкага, Рудзенскага, Старадарожскага і Мінскага раёнаў Мінскай вобласці.

Створана ў чэрвені 1943 г. ў адпаведнасці з рашэннем Мінскага падпольнага міжрайкама КП(б)‌Б на базе атрадаў імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў лютым 1942) і імя М. А. Шчорса (арганізаваны ў красавіку 1942), вылучаных з партызанскай брыгады 2‑й Мінскай. Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрад імя С. Г. Лазо. У жніўні 1943 г. далучаны асобны атрад «Непераможны» (арганізаваны 25.3.1942), у кастрычніку 1943 г. арганізаваны атрад імя 25‑годдзя ВЛКСМ.

Партызаны праводзілі баявыя аперацыі на варожых камунікацыях Мінск — Пухавічы, Мінск — Койданава, Мінск — Слуцк. Дыверсійная група на чале з Ф. А. Бачылам пусціла пад адхон 28 варожых эшалонаў. Партызаны знішчылі 27 мастоў, 72 аўтамашыны, 55 км тэлефонна-тэлеграфных ліній. На шашы Мінск — Слуцк 1 чэрвеня 1943 г. спалілі 8 аўтамашын, знішчылі больш за 50 гітлераўцаў, захапілі каля 150 вінтовак, аўтаматаў і пісталетаў; 1–5 чэрвеня 1943 г. вялі баі з карнікамі. У час аперацыі «Рэйкавая вайна» падарвалі 10,3 км рэек. Разбілі 25 чэрвеня 1944 г. варожую калону. Разам з Чырвонай арміяй 5–6 ліпеня 1944 г. удзельнічалі ў ліквідацыі групоўкі ворага ў раёне вёсак Анопаль і Самалёва (Самуэлева) Мінскага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя К. Я. Варашылава, «Непераможны», імя М. А. Шчорса, імя С. Г. Лазо, імя 25‑годдзя ВЛКСМ, у якіх змагаліся 1 313 партызан.

Камандзір брыгады Р. П. Мыснік, камісар У. Е. Крайко, начальнік штаба Я. М. Гіро.

У гонар штаба брыгады ў в. Селецк Пухавіцкага pаёна Мінскай вобласці ў 1967 г. пастаўлены помнік.