pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД ГЛУСКІ

Дата стварэння: 21.12.2023 10:37:23

Дата змены: 28.05.2025 12:03:58


Партыза́нскі атра́д Глу́скі

Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Глускага раёна Палескай вобласці.

Створаны з партыйна-савецкага актыву Глускага раёна ў ліпені 1941 г. згодна з пастановай Палескага падпольнага абкама КП(б)‌Б ад 23 ліпеня 1941 г. Партызаны нападалі на асобныя групы варожых салдат, знішчалі тэлефонна-тэлеграфную сувязь, здабывалі звесткі разведкі і перадавалі Чырвонай арміі, падарвалі масты ў вёсках Баянічы, Слаўкавічы, Халопенічы.

Увосень 1941 г. частка атрада выйшла за лінію фронту, частка далучылася да атрада «Чырвоны Кастрычнік» Акцябрскага раёна.

Камандзір М. С. Марціновіч, камісар А. М. Канавалёнак.