ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЗА РАДЗІМУ» ІМЯ А. К. ФЛЕГАНТАВА, Мінскай і Брэсцкай абласцей
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЗА РАДЗІМУ» ІМЯ А. К. ФЛЕГАНТАВА

Дата стварэння: 28.12.2023 12:12:25

Дата змены: 21.08.2025 11:27:05


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЗА РАДЗІМУ» ІМЯ А. К. ФЛЕГАНТАВА, Мінскай і Брэсцкай абласцей

Байцы партызанскай брыгады «За Радзіму» імя А. К. Флегантава ў час рэйду. 1943 г.

Партыза́нская брыга́да «За Радзі́му» імя́ А. К. Фле́гантава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Чэрвеньскага і Пухавіцкага раёнаў Мінскай вобласці, Асіповіцкага і Бабруйскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Маларыцкага і Дзівінскага раёнаў Брэсцкай вобласці БССР і Камень-Кашырскага pаёна Валынскай вобласці УССР.

Створана 20 кастрычніка 1942 г. у Чэрвеньскім раёне як брыгада «За Радзіму» на базе атрадаў А. К. Флегантава (пачаў фарміравацца ў снежні 1941; у маі 1943 перайменаваны ў «Баявы»), імя І. В. Сталіна (атрад У. А. Ціхамірава, арганізаваны ў маі 1942), I. З. Кузняцова (арганізаваны ў сакавіку 1942, пазней — «Чырвоны сцяг»), 752‑га (арганізаваны ў студзені 1942, да красавіка 1942 — атрад В. І. Лівенцава), «Полымя» (арганізаваны ў ліпені 1942).

У лістападзе 1942 г. у брыгадзе быў арганізаваны атрад 44‑ы, у снежні 1942 г. сфарміраваны атрад імя К. Я. Варашылава, атрад 752‑і вылучаны з брыгады для стварэння партызанскай брыгады 1‑й Бабруйскай. У сакавіку 1943 г. атрад імя І. В. Сталіна разгорнуты ў партызанскую брыгаду 12‑ю кавалерыйскую імя I. В. Сталіна.

Брыгадзе 29 красавіка 1943 г. было нададзена імя А. К. Флегантава, які загінуў у баі 11 сакавіка 1943 г.

У чэрвені 1943 г. на базе атрада «Полымя» і новасфарміраванага атрада імя В. І. Чапаева створана партызанская брыгада «Полымя». У жніўні 1943 г. на базе атрадаў «Чырвоны сцяг» і імя К. Я. Варашылава створана партызанская брыгада «Чырвоны сцяг». У кастрычніку 1943 г. сфарміраваны атрад імя П. М. Літвінава (атраду нададзена імя камандзіра ўзвода атрада «Баявы» П. М. Літвінава, які загінуў у баі 1.10.1943) і партызанскі атрад імя П. Л. Валькова (атраду нададзена імя камандзіра кавалерыйскага эскадрона атрада «Баявы», які загінуў у баі 25.10.1942). Атрад імя П. Л. Валькова 16 студзеня 1944 г. быў вылучаны з брыгады і перадыслацыраваны да чыгункі Ковель — Брэст, дзейнічаў самастойна. У лютым 1944 г. арганізаваны атрад 45‑ы.

Атрад А. К. Флегантава 21 жніўня — 11 кастрычніка 1942 г. зрабіў баявы рэйд па варожых тылах з Усвяцкага раёна Калінінскай вобласці РСФСР у Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці БССР. У час рэйду разам з брыгадамі Сіроцінскай і 3‑й Беларускай з удзелам мясцовага насельніцтва 31 жніўня 1942 г. на ўчастку Лоўжа (Лоўша) — Обаль партызаны разбурылі 10 км чыгуначнага палатна; 12 верасня 1942 г. атрад разам з байцамі партызанскай брыгады Чашніцкай «Дубава» ў засадным баі на дарозе Камень — Лепель каля в. Бароўка знішчыў аўтатранспартную калону з аховай.

Пасля стварэння брыгады ў перыяд з 22 кастрычніка да 25 лістапада 1942 г. партызаны падарвалі 14 эшалонаў, у т. л. 2 абстралялі і знішчылі.

Восенню 1943 г. брыгада перадыслацыравалася з Чэрвеньскага раёна ў Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. У час рэйду 19 верасня — 14 снежня 1943 г. партызаны прайшлі каля 860 км праз 162 населеныя пункты, правялі 3 сустрэчныя баі.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 25 сакавіка 1944 г., на той момант уключала атрады «Баявы», 44‑ы, імя П. М. Літвінава, 45‑ы, у якіх налічвалася 895 партызан. Пасля злучэння з Чырвонай арміяй брыгада была ўключана ў баявыя парадкі 38‑й гвардзейскай стралковай дывізіі. Трымала абарону каля с. Картэлесы Ратнаўскага раёна Валынскай вобласці УССР і в. Воса Дзівінскага раёна, пераправы цераз р. Прыпяць каля с. Ветлы Камень-Кашырскага раёна. Расфарміравана ў красавіку — чэрвені 1944 г. паатрадна.

Камандзіры брыгады: А. К. Флегантаў (загінуў), Я. Ф. Філіпскіх, Ф. Ф. Тараненка, I. В. Жохаў, М. Ф. Ваганаў; камісары: Г. Р. Чарняўскі, І. В. Жохаў, I. I. Paманаў; начальнікі штаба: Ф. Ф. Тараненка, У. I. Бабкоў, І. І. Раманаў, М. Ф. Ваганаў, I. В. Мацюшаў.