Дата стварэння: 22.05.2023 10:21:49
Дата змены: 02.06.2025 11:17:23
Партыза́нская брыга́да Ча́шніцкая «Ду́бава»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ушацкага, Лепельскага, Чашніцкага і Бешанковіцкага раёнаў Віцебскай вобласці, Халопеніцкага і Бягомльскага раёнаў Мінскай вобласці.
Створана 28 жніўня 1942 г. на базе вылучанага з брыгады «Смерць фашызму» (пазней імя В. I. Чапаева) 9‑га (арганізаваны ў красавіку 1942, камандзір Ф. Ф. Дуброўскі) і асобнага 68‑га (арганізаваны ў сакавіку 1942, камандзір У. Е. Лабанок) атрадаў, якія дзейнічалі ў Лепельскім, Ушацкім і Чашніцкім раёнах. У складзе брыгады атрад 9‑ы быў перайменаваны ў 1‑ы, 68‑ы ў 3‑і, адначасова быў арганізаваны 2‑і (з ліпеня 1943 — 3‑і, у кастрычніку 1943 атрымаў імя М. М. Дзідзенкі, камандзіра атрада, які загінуў у баі).
Пазней былі арганізаваны: у верасні 1942 г. — атрад 4‑ы, у студзені 1943 г. — артылерыйскі дывізіён, у сакавіку — атрад 10‑ы, у красавіку — атрад 6‑ы (з красавіка 1944 імя В. Ф. Вітко, камандзіра атрада, які загінуў у баі), у маі 1943 г. — атрады 7‑ы, 8‑ы, 9‑ы і 12‑ы, 13‑ы.
У ліпені 1943 г. частка сіл брыгады (3‑і, 4‑ы, 8‑ы, 9‑ы, 13‑ы і частка артылерыйскага дывізіёна) вылучана для арганізацыі партызанскай брыгады Лепельскай імя I. В. Сталіна.
У 1943 г. былі арганізаваны атрады: у ліпені — 4‑ы (2‑га складу), у жніўні — 5‑ы, у верасні — 8‑ы і 9‑ы (2‑га складу), у лістападзе — 11‑ы, у сакавіку 1944 г. — 13‑ы (2‑га складу), у красавіку — 14‑ы, у чэрвені 1944 г. артылерыйскі дывізіён пераўтвораны ў атрад 15‑ы.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Полацк — Маладзечна, Орша — Лепель. Вялі баі па вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэрыторыі Лепельскага, Чашніцкага і Ушацкага раёнаў (гл. Бароўскі бой 1942 г. і інш.). У верасні 1942 г. правялі некалькі аперацый супраць гарнізона ва Ушачах, што прымусіла гітлераўцаў пакінуць гарадскі пасёлак.
У студзені 1943 г. вялі баі за в. Пышна (гл. Пышнянскія баі 1943 г.), у сакавіку разграмілі гарнізон на станцыі Чашнікі (гл. Чашніцкія баі 1943 г.), у красавіку 1943 г. нанеслі адначасовы ўдар па гарнізонах ворага ў вёсках Забалацце, Студзёнка, Юркоўшчына Лепельскага раёна. У маі — чэрвені 1943 г. у час карных экспедыцый ворага ўдзельнічалі ў жорсткіх баях у раёне Пышна — Тартак — Лагі — Заазер’е. У ліпені 1943 г. разграмілі гарнізоны ў вёсках Цяпіна, Варкі, Залессе Чашніцкага раёна. У кастрычніку 1943 г. разам з партызанскай брыгадай Лепельскай імя І. В. Сталіна ўдзельнічалі ў штурме варожага гарнізона ў г. Лепель (гл. Лепельская аперацыя 1943 г. і Лепельскі бой 1943 г.). У час аперацыі «Канцэрт» падарвалі каля 2 тыс. рэек.
У маі — чэрвені 1944 г. утрымлівалі лінію абароны каля в. Валова Гара Лепельскага раёна і вёсак Домжарыцы і Саўскі Бор Бягомльскага раёна; прарвалі варожую блакаду ў раёне вёсак Макаўе, Мажніца Бягомльскага раёна. У чэрвені 1944 г. разам з савецкімі войскамі наносілі ўдары па праціўніку ў раёне Чашнікі — Лукомль.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і імя М. М. Дзідзенкі, 4‑ы, 5‑ы, 6‑ы імя В. Ф. Вітко, 7‑ы, 8‑ы, 9‑ы, 10‑ы, 11‑ы, 12‑ы, 13‑ы, 14‑ы, 15‑ы, у якіх налічвалася 1 808 партызан.
Камандзір брыгады Ф. Ф. Дуброўскі («Дубаў»); камісары: У. Е. Лабанок, М. В. Старынскі, С. Я. Барадаўкін; начальнікі штаба: С. Я. Барадаўкін, П. К. Шарко.
Камандзіру брыгады Ф. Ф. Дуброўскаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У гонар брыгады ў в. Антунова Ушацкага раёна ў 1965 г. устаноўлены мемарыяльны знак, каля в. Бароўка 2 Лепельскага раёна ў 1967 г. і каля в. Завыдрына Ушацкага раёна ў 1971 г. пастаўлены стэлы.