Дата стварэння: 16.06.2023 08:46:28
Дата змены: 11.09.2024 15:54:55
Баро́ўскі бой 1942 г.
Бой кавалерыйскага партызанскага атрада «Баявы» (камандзір А. К. Флегантаў) і групы партызан партызанскай брыгады Чашніцкай «Дубава» супраць штабной роты нямецкай 201‑й ахоўнай дывізіі на шашы Лепель — Камень каля в. Бароўка 2‑я Лепельскага раёна ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Кавалерыйскі атрад рабіў рэйд з-за лініі фронту ў тыл праціўніка. Ён 10 верасня 1942 г. дасягнуў месца размяшчэння Чашніцкай брыгады, дзе атрымаў звесткі аб перадыслакацыі штаба 201‑й ахоўнай дывізіі праціўніка. А. К. Флегантаў паведаміў аб абстаноўцы ў Цэнтральны штаб партызанскага руху і атрымаў загад знішчыць штаб ворага. Байцы атрада пад кіраўніцтвам камандзіра ўзвода I. В. Жохава разам з партызанамі-мінёрамі 12 верасня замініравалі ўчастак шашы, па якім ажыццяўлялася перадыслакацыя штаба, і зрабілі засаду. Калі калона гітлераўцаў увайшла ў зону абстрэлу, партызаны падарвалі першую і апошнюю машыны, у выніку бою знішчылі 12 аўтамашын і больш за 80 гітлераўцаў. У баі загінуў адзін партызан.
У 1967 г. на месцы бою пастаўлена стэла.