ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЗА САВЕЦКУЮ БЕЛАРУСЬ», Мінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЗА САВЕЦКУЮ БЕЛАРУСЬ»

Дата стварэння: 28.12.2023 12:12:44

Дата змены: 10.07.2025 14:29:22


Партыза́нская брыга́да «За Саве́цкую Белару́сь»

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Мінскага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў Мінскай вобласці.

Створана ў кастрычніку 1942 г. рашэннем Мінскага падпольнага міжрайкама КП(б)‌Б на базе атрада I. I. Уласава (арганізаваны ў жніўні 1942 як атрад «Бліна» з партызан брыгады «Аляксея», пазней перейменаванай у партызанскую брыгаду імя А. Ф. Данукалава; выйшаў у савецкі тыл, дзе быў узброены; у верасні перайшоў лінію фронту і выйшаў у Чэрвеньскі раён; у складзе брыгады перайменаваны ў атрад «За Савецкую Беларусь»), утвораных у верасні 1942 г. атрадаў 2‑га (сфарміраваны з партызан, вылучаных атрадам І. І. Уласава), 3‑га (разгорнуты з партызанскай групы Я. Я. Васіленкі, якая была сфарміравана ў Смалявіцкім раёне, перайшла ў Чэрвеньскі раён і папоўнілася мясцовымі жыхарамі) і 4‑га (разгорнуты з партызанскай групы С. Ц. Конанава). У студзені 1943 г. брыгада была перафарміравана, замест чатырох атрадаў створаны два — імя С. Г. Лазо і «Ураган». У чэрвені 1943 г. арганізаваны атрад «Камсамол», у жніўні 1943 г. — атрады імя М. І. Кутузава і «Пераможац».

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Мінск — Барысаў, Мінск — Асіповічы і шашэйных дарогах. У кастрычніку 1942 г. каля в. Навазер’е Чэрвеньскага раёна вялі 8‑гадзінны бой з ворагам. У лістападзе 1942 г. разграмілі варожы гарнізон у в. Вызваленне Чэрвеньскага раёна, у чэрвені 1944 г. — у в. Загор’е Пятровіцкага сельсавета Смалявіцкага раёна. У жніўні 1943 г. і чэрвені 1944 г. падарвалі 1,2 тыс. рэек. У красавіку 1944 г. падарвалі 22 варожыя эшалоны, разбілі 9 і пашкодзілі 14 паравозаў, спалілі 2 масты, знішчылі 32 аўтамашыны. У сакавіку, лістападзе 1943 г., чэрвені 1944 г. вялі баі з карнікамі.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя С. Г. Лазо, «Ураган», «Камсамол», імя М. І. Кутузава, «Пераможац», у якіх змагаліся 1 752 партызаны. Разам з воінамі Чырвонай арміі 3–9 ліпеня 1944 г. вялі баі па знішчэнні варожай групоўкі ў раёне г. п. Смалявічы.

Камандзіры брыгады: І. І. Уласаў («Блін»), С. Ц. Конанаў, А. М. Базылевіч; камісары: А. Е. Лук’яненка, М. Ф. Варанцоў, В. П. Каралёў, А. М. Базылевіч, Р. А. Моўчан; начальнікі штаба: Е. А. Іваноў, А. С. Грыгор’еў, А. М. Пракоф’еў.