ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА БЕЛАРУСКАЯ ДЫВЕРСІЙНАЯ ІМЯ У. І. ЛЕНІНА, Віцебскай і Вілейскай абласцей
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА БЕЛАРУСКАЯ ДЫВЕРСІЙНАЯ ІМЯ У. І. ЛЕНІНА

Дата стварэння: 28.12.2023 12:14:06

Дата змены: 21.08.2025 11:15:28


Партыза́нская брыга́да Белару́ская дыверсі́йная імя́ У. I. Ле́ніна

У розны час і ў розных дакументах называлася:

Беларуская партызанская дыверсійная брыгада асобага прызначэння;

Асобая Беларуская партызанская брыгада;

Партызанская брыгада імя У. I. Леніна Віцебскай і Вілейскай абласцей.

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Суражскага, Талачынскага і Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, Докшыцкага, Дунілавіцкага, Пліскага і Глыбоцкага раёнаў Вілейскай вобласці.

Створана ў ліпені 1942 г. у савецкім тыле як брыгада Беларуская дыверсійная асобага прызначэння з партызан, якія выйшлі за лінію фронту, і з асабовага саставу, вылучанага партызанскімі брыгадамі 1‑й Беларускай і 2‑й Беларускай імя П. К. Панамарэнкі. Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрады 1‑ы і 2‑і (утвораны ў лютым — сакавіку 1942 у варожым тыле, дзейнічаў самастойна ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці БССР і ў Пустошкінскім раёне Калінінскай вобласці РСФСР, у чэрвені выйшаў у савецкі тыл, перафарміраваны і перайменаваны), у жніўні 1942 г. арганізаваны атрад 3‑і. У лістападзе 1942 г. брыгадзе нададзена імя У. І. Леніна. Да снежня 1942 г. асноўная база брыгады знаходзілася ў савецкім тыле, куды атрады перыядычна выходзілі на экіпіроўку. У верасні 1943 г. брыгада перадыслацыравана ў Вілейскую вобласць.

Партызаны брыгады праводзілі дыверсіі на чыгунках Полацк — Віцебск, Полацк — Невель, Полацк — Маладзечна. У снежні 1942 г., студзені — сакавіку 1943 г. удзельнічалі ў баях з карнікамі ў Суражскім, Полацкім і Расонскім раёнах. У ліпені 1943 г. брыгада правяла рэйды з Суражскага раёна ў Талачынскі, у верасні — у Докшыцкі раён, у час якіх партызаны нападалі на гарнізоны, у т. л. у в. Арэхаўна Ветрынскага раёна. У «Рэйкавай вайне» на чыгунцы Полацк — Маладзечна падарвалі і папсавалі больш за 5 тыс. рэек. Са снежня 1943 г. утрымлівалі лінію абароны па р. Бярэзіна. У красавіку — маі 1944 г. у час карнай аперацыі праціўніка супраць Полацка-Лепельскай партызанскай зоны вялі баі на лініі абароны паміж вёскамі Адамова і Бераспонне, Лісічына і Кублічы; каля воз. Медзазол утрымлівалі пераправу цераз Батурынскі мост; вялі баі за вёскі Лясіны, Храмёнкі, Зарубаўшчына Ушацкага раёна. У маі 1944 г. з іншымі брыгадамі прарвалі блакаду каля в. Матырына Ушацкага раёна і выйшлі ў Вілейскую вобласць.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, у якіх налічвалася 315 партызан.

Камандзіры брыгады: А. А. Баскакаў (загінуў), М. Т. Гарбаценкаў, Я. У. Фурсо (выконваў абавязкі); камісары: В. Д. Лобараў, М. Т. Гарбаценкаў, Р. Ф. Шастакоў, М. З. Умінскі (выконваў абавязкі), У. С. Свірыд (загінуў), М. Р. Пучкароў; начальнікі штаба: М. П. Падгорны, С. Ф. Сафонаў.