ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ М. І. КУТУЗАВА, Віцебскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ М. І. КУТУЗАВА

Дата стварэння: 28.12.2023 12:15:26

Дата змены: 11.09.2024 14:59:46

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ М. І. КУТУЗАВА, Віцебскай вобласці

Мемарыял «Гаспадар лесу» ў гонар партызанскай брыгады імя М. І. Кутузава і іншых партызанскіх брыгад і атрадаў ва ўрочышчы Шчалбова Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да імя́ М. I. Куту́зава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Гарадоцкага і Суражскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Створана ў верасні 1942 г. на базе асобнага атрада С. Т. Воранава, сфарміраванага з ініцыятыўнай групы на чале з С. Т. Воранавым, вылучанай у маі 1942 г. з партызанскай брыгады 1‑й Беларускай 1‑га складу. У складзе брыгады былі сфарміраваны атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы, у снежні 1942 г. — 5‑ы.

У сакавіку 1943 г. у баях з карнікамі 3‑і атрад быў рассеяны, астатнія атрады раздзяліліся. Штаб брыгады і атрады 2‑і і 5‑ы (240 партызан) выйшлі ў савецкі тыл і былі расфарміраваны, атрады 1‑ы і 4‑ы засталіся ў варожым тыле і дзейнічалі самастойна. У красавіку 1943 г. камандаванне брыгады з групай партызан (80 чалавек) вярнуліся ў тыл ворага. З атрада 4‑га ў маі 1943 г. сфарміраваны атрады 2‑і і 3‑і (2‑га складу).

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунцы Віцебск — Невель, шашэйных і грунтавых дарогах. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Прывальні (лістапад 1942), Стары і Новы Болецк, Лапушніца, Казырова (студзень 1943), Раманава (май 1943), Дуброва (верасень 1943) Гарадоцкага раёна, у в. Быкі Мехаўскага раёна (снежань 1942), вёсках Селязні і Лунькі Суражскага раёна (жнівень 1943). У лютым — сакавіку і маі 1943 г. вялі абарончыя баі супраць карнікаў. У жніўні 1943 г. падарвалі больш за 500 рэек.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 4 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, у якіх налічвалася 315 партызан.

Камандзір брыгады С. Т. Воранаў, камісар П. Я. Рыбакоў, начальнік штаба М. I. Гапеенка.

У гонар брыгады імя М. І. Кутузава і іншых партызанскіх брыгад і атрадаў ва ўрочышчы Шчалбова ў 1970 г. адкрыты мемарыял «Гаспадар лесу» (адноўлены ў 2019).