ДРАНГ НАХ ОСТЭН, захопніцкая палітыка кіруючых колаў імперыялістычнай Германіі ў адносінах да краін Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы
pdf

«ДРАНГ НАХ ОСТЭН»

Дата стварэння: 28.12.2023 13:48:37

Дата змены: 11.09.2024 14:41:35

«Дранг нах О́стэн» (ням. Drang nach Osten націск на Усход)

Выраз, які характарызуе захопніцкую палітыку германскіх феадалаў, а затым дзяржаў (Германскага каралеўства, «Свяшчэннай Рымскай імперыі» і яе васалаў, манархіі Габсбургаў, Аўстрыі, Прускага каралеўства і Германскай імперыі) у дачыненні да краін Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў IX—XX стст., а таксама лозунг і гісторыка-палітычная канцэпцыя, накіраваная на ідэалагічнае абгрунтаванне і апраўданне гэтай палітыкі.

Яе пачатак паклалі разбойніцкія «крыжовыя» паходы нямецкіх феадалаў у IX—XIII стст. супраць народаў Польшчы, Чэхіі, Русі і Прыбалтыкі пад сцягам насаджэння каталіцызму. Аўтарам выразнай канцэпцыі экспансіі на ўсход з’яўляўся германскі імператар Фрыдрых І Барбароса (1152–1190). Паходы суправаджаліся каланізацыяй зямель цэнтральнаеўрапейскіх і ўсходнееўрапейскіх краін, знішчэннем значнай часткі карэннага насельніцтва, яго германізацыяй. Зброяй нямецкай экспансіі на Усход былі, у прыватнасці, Тэўтонскі і Лівонскі ордэны. У ліку найважнейшых вех барацьбы славянскіх народаў супраць нямецкай агрэсіі — Лядовае пабоішча 1242 г. і Грунвальдская бітва 1410 г. Да канца XVIII ст. усе краіны Цэнтральнай, часткова Паўднёва-Усходняй і Усходняй Еўропы (Польшча, Чэхія, Венгрыя, Славенія, Харватыя і Заходняя Украіна) знаходзіліся ў складзе ўладанняў Прусіі і Аўстрыі.

Тэрмін (выраз, клішэ) «Дранг нах Остэн» упершыню з’явіўся ў 2‑й палове XIX ст. у нацыяналістычных дыскусіях у кайзераўскай Германіі і пазней у нацысцкай прапагандзе для абазначэння нямецкай экспансіі на ўсход, падкрэсліваючы ўсходні стратэгічны накірунак германскай экспансіі для пашырэння «германскай жыццёвай прасторы» ў канкурэнтнай барацьбе са славянскімі народамі і ў першую чаргу з рускімі.

Ідэолагі «Дранг нах Остэн» прыкрывалі захопніцкія мэты расісцкай тэорыяй непаўнацэннасці славянскіх і іншых народаў Еўропы, іх няздольнасцю да самастойнага дзяржаўнага існавання.

Германская імперыя (1871–1918) выкарыстоўвала пераважна метады эканамічнага пранікнення. Новыя спробы рэалізацыі «Дранг нах Остэн» ваеннымі сродкамі мелі месца ў час Першай сусветнай вайны (1914–1918).

Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. канцэпцыя «Дранг нах Остэн» набыла яшчэ і ярка выражаны антысавецкі характар. Германскі фашызм, які прыйшоў да ўлады ў пачатку 1930‑х гадоў, зрабіў яе адной з галоўных частак сваёй ідэалогіі і палітыкі, давёў да апошняй грані яе шавінізм і расізм. Выстаўляючы геапалітычную ідэю аб неабходнасці расшырэння «жыццёвай прасторы» для немцаў, ён развязаў Другую сусветную вайну, імкнуўся знішчыць Савецкі Саюз, заняволіць іншыя краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Ідэалагічная база пад дактрыну «Дранг нах Остэн» была створана нямецкай навукай у рамках даследчыцкага накірунку «Остфоршунг».

Разгром нацысцкай Германіі нанёс рашучы ўдар тэорыі і палітыцы «Дранг нах Остэн», якія на працягу стагоддзяў атручвалі свядомасць нямецкага народа пагардай да іншых народаў, уяўнай перавагай «германскай расы».