pdf

ОБАЛЬСКАЕ КАМСАМОЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 28.12.2023 13:49:34

Дата змены: 11.09.2024 16:07:06


ОБАЛЬСКАЕ КАМСАМОЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Помнік у гонар Обальскага камсамольска-маладзёжнага падполля ў гарадскім пасёлку Обаль Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці.

О́бальскае камсамо́льска-маладзёжнае падпо́лле («Юныя мсціўцы»)

Дзейнічала з пачатку 1942 г. да жніўня 1943 г. у Сіроцінскім (з 1961 Шумілінскі) раёне Віцебскай вобласці.

Створана па ініцыятыве сіроцінскіх падпольных райкамаў КП(б)‌Б і ЛКСМБ з камсамольцаў і пазасаюзнай моладзі пас. Обаль (цяпер гарадскі пасёлак у Шумілінскім раёне), вёсак Ушалы, Зуі, Масцішча і Ферма.

Аб’ядноўвала каля 40 чалавек, 3 групы: Обальскую, Масцішчанскую і Ушальскую. Узначальваў падполле камсамольскі камітэт з 9 чалавек: Е. С. Зянькова (сакратар), Н. А. Азоліна, М. С. Дзяменцьева, У. I. Езавітаў, I. В. Езавітаў і Я. Я. Езавітаў, М. П. Лузгіна, З. М. Партнова і В. М. Шашкова. Сярэдні ўзрост падпольшчыкаў складаў 13–15 гадоў.

Па заданні камандавання атрада імя К. Я. Варашылава (партызанская брыгада імя У. I. Леніна) і Сіроцінскага падпольнага райкама ЛКСМБ падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, звесткі разведкі аб размяшчэнні варожых войск, пра рух эшалонаў, забяспечвалі партызанскіх разведчыкаў дакументамі, рабілі дыверсіі на варожых аб’ектах, знішчалі акупантаў і іх тэхніку, вялі палітычную агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро.

Дзякуючы звесткам падпольшчыкаў, савецкія самалёты знішчылі на чыгуначнай станцыі Обаль на лініі Віцебск — Рыга 4 эшалоны з танкамі.

Н. А. Азоліна 19 жніўня 1942 г. узарвала вадакачку на станцыі Обаль, у выніку чаго 11 воінскіх эшалонаў былі затрыманы на станцыі на некалькі дзён, У. I. Езавітаў узарваў легкавую аўтамашыну з афіцэрамі, Я. Я. Езавітаў — тры матавозы і экскаватар.

М. П. Аляксееў летам 1943 г. падарваў цыстэрну на станцыі Лоўжа: згарэлі эшалон з боепрыпасамі, будынак станцыі, прадуктовы склад.

Усяго падпольшчыкі ўчынілі 21 дыверсію, у т. л. спалілі льнозавод, пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў і інш.

Гітлераўцы ў 1942–1943 гг. арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі Н. А. Азоліну, М. П. Аляксеева, Н. М. Давыдаву, У. I. Езавітава, Я. Я. Езавітава, А. П. Лузгіну, З. Д. Лузгіну і М. П. Лузгіну, маці Е. С. Зяньковай Марфу Аляксандраўну, Ф. Ф. Слышанкова, Д. С. Хрыбценка і М. С. Хрыбценка. Пазней загінулі М. С. Дзяменцьева і Н. С. Дзяменцьева, З. М. Партнова, В. М. Шашкова. Падпольшчыкі, якія пазбеглі арышту, уліліся ў партызанскую брыгаду імя У. I. Леніна.

Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, Е. С. Зяньковай і З. М. Партновай (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У г. п. Обаль на дамах, дзе жылі Е. С. Зянькова і З. М. Партнова, устаноўлены мемарыяльныя дошкі, а таксама пастаўлены помнікі: у гонар падпольнай камсамольскай арганізацыі, Е. С. Зяньковай, на магіле падпольшчыц А. П. Лузгіной і М. П. Лузгіной.

У 1965 г. створаны Музей Обальскага камсамольскага падполля (філіял Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея). Імем Е. С. Зяньковай названа вуліца ў Віцебску, імем З. М. Партновай — вуліцы ў Санкт-Пецярбургу, Полацку і г. п. Обаль.