ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ У. І. ЛЕНІНА, Віцебскай вобласці
ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ У. І. ЛЕНІНА, Віцебскай вобласці

Памятны знак на месцы базіравання штаба партызанскай брыгады імя У. І. Леніна ў вёсцы Быстрыкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ У. І. ЛЕНІНА

Дата стварэння: 28.12.2023 12:15:39

Дата змены: 15.07.2024 14:06:24


Партыза́нская брыга́да імя́ У. I. Ле́ніна

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Сіроцінскага, Расонскага, Ушацкага, Гарадоцкага і Бешанковіцкага раёнаў Віцебскай вобласці, Шаркаўшчынскага і Дзісенскага раёнаў Вілейскай вобласці.

Створана ў сакавіку 1943 г. на базе атрадаў: «Мсцівец» (пры фарміраванні брыгады перайменаваны ў атрад 1‑ы), імя К. Я. Baрашылава (3‑і), «Сталінец» (6‑ы) і роты атрада «Грозны», вылучаных з партызанскай брыгады імя С. М. Кароткіна. Пры фарміраванні брыгады былі арганізаваны атрады 2‑і, 4‑ы, 5‑ы, у жніўні 1943 г. — 7‑ы. У снежні 1943 г. атраду 3‑му была вернута ранейшая назва, астатнім атрадам замест нумароў прысвоены імёны: М. В. Фрунзэ (былы 1‑ы), С. М. Кірава (2‑і), І. В. Сталіна (4‑ы), А. В. Суворава (5‑ы), В. І. Чапаева (6‑ы), М. І. Кутузава (7‑ы).

Партызаны здзейснілі дыверсіі на шашэйных і грунтавых дарогах. У аперацыі «Рэйкавая вайна» падарвалі і папсавалі больш за 1,8 тыс. рэек. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Даўгаполле і Маскаляняты Гарадоцкага раёна (люты 1943), Мішневічы (сакавік 1943) і Дворышча (чэрвень 1943) Сіроцінскага раёна, Кардон (чэрвень 1943) і Лявонава (ліпень 1943) Ушацкага раёна, вялі абарончыя баі каля в. Заскаркі Ветрынскага раёна (чэрвень 1943), вёсак Чэрчыцы, Адэліна (ліпень 1943), Дворнікі, Шавурына (лістапад 1943) Ушацкага раёна. У час Лепельскай аперацыі 1943 г. брыгада прыкрывала з усходу і паўночнага ўсходу ўдарную лепельскую групоўку партызан ад варожых гарнізонаў. У 1944 г. вяла абарончыя баі каля вёсак Адэліна, Загаваліна, Бальбінава, Ляхава, Кавалеўшчына Ушацкага раёна. У красавіку — маі 1944 г. у баях супраць карнікаў партызаны ўтрымлівалі лінію абароны на рубяжы вёсак Залужэнне, Ляхава, Краснае, Муравец, Павулле і іншых Ушацкага pаёна, прарвалі варожую блакаду на мяжы вёсак Новае Сяло, Селішча, чыгункі Полацк — Маладзечна на ўчастку станцый Кульгаі — Загацце і шашы Лепель — Беразіно. У маі — чэрвені 1944 г. вялі баі з карнікамі ў Дзісенскім pаёне, прарвалі абарону праціўніка на ўчастку вёсак Красоўшчына — Стары Пагост. Перад наступленнем Чырвонай арміі ўтрымлівалі лінію абароны на рубяжы вёсак Шаркаўшчына — Гарбуны — Пятровічы — Чаславава — Пялікі і на ўчастку вёсак Касцяні — Кураполле — Дзеткава Пастаўскага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г.; на той момант уключала атрады імя М. В. Фрунзэ, імя С. М. Кірава, імя К. Я. Варашылава, імя І. В. Сталіна, імя А. В. Суворава, імя В. І. Чапаева, імя М. І. Кутузава, у якіх налічваўся 571 партызан.

Камандзір брыгады М. А. Сакмаркін, камісар А. У. Сіпко; начальнікі штаба: Т. К. Раеўскі, А. К. Ізафатаў (загінуў), У. Р. Аляксандраў (загінуў), I. I. Канюхоў.

Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад.

На месцы базіравання штаба брыгады ў в. Быстрыкі Ушацкага pаёна Віцебскай вобласці ў 1976 г. устаноўлены памятны знак.