pdf

ШЧАДРЫНСКАЕ КАМСАМОЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 28.12.2023 13:53:53

Дата змены: 11.09.2024 14:53:38


Шчадры́нскае камсамо́льска-маладзёжнае падпо́лле

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.

Налічвала 15 падпольшчыкаў. Ядро групы складалі актывісты атрада самаабароны, створанага ў пачатку вайны ў в. Шчадрын. Кіраўнікі: сакратар камсамольскай арганізацыі мясцовай школы Л. М. Жураўлёва і былы загадчык нафтабазы Шчадрынскай МТС С. Д. Трызна. У ліку першых у групу ўступілі камсамольцы А. М. Альшэўскі, М. Д. Трызна, Ф. Д. Харанека, настаўнік Ф. М. Марудзін і інш. Падпольшчыкі ў верасні 1942 г. устанавілі сувязь з прыбыўшай з-за лініі фронту групай I. А. Крышнёва і ў далейшым дзейнічалі пад кіраўніцтвам Жлобінскага падпольнага райкама КП(б)‌Б і камандавання партызанскага атрада «Смерць фашызму» (гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі Гомельскай вобласці).

Падпольшчыкі перадавалі партызанам разведданыя, забяспечвалі іх зброяй, боепрыпасамі, харчамі. Ф. М. Марудзін уладкаваўся працаваць на млын і зімой 1942–1943 гг. разам з падпольшчыкам Л. Л. Длускім накіраваў партызанам некалькі падвод з мукой. Л. Л. Длускі ў верасні 1942 г. атрымаў ад партызан міну і ўзарваў будынак нямецкай камендатуры ў Шчадрыне. Падпольшчыкі А. М. Альшэўскі, С. П. Анішчанка (загінуў у 1944 пры вызваленні Польшчы, пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза), Ф. Д. Харанека рэгулярна мініравалі прасёлачныя дарогі. У доме Л. Л. Длускага быў абсталяваны тайнік, устаноўлены радыёпрыёмнік і арганізавана слуханне перадач маскоўскага радыё. Тайнік са зброяй і боепрыпасамі быў абсталяваны ў доме падпольшчыцы У. В. Грыбоўскай у пас. Буда, пазней гэты дом стаў явачнай кватэрай для сустрэч кіраўнікоў груп з партызанамі.

У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі Ф. М. Марудзін і С. Д. Трызна.