pdf

АСОБАЕ ЗЛУЧЭННЕ ПАРТЫЗАНСКІХ АТРАДАЎ

Дата стварэння: 02.03.2023 09:51:32

Дата змены: 11.09.2024 14:55:54

Асо́бае злучэ́нне партыза́нскіх атра́даў (АЗПА)

Часовае злучэнне партызанскіх атрадаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Узнікла на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці ў жніўні 1942 г. па ініцыятыве камандзіраў партызанскіх атрадаў В. В. Шчарбіны, I. А. Жукаўца, I. П. Кузняцова і інш. Утвораны штаб аб’яднаных атрадаў (з кастрычніка 1942 — АЗПА), які каардынаваў разведвальныя і дыверсійныя дзеянні партызанскіх атрадаў на чыгуначных участках Мінск — Баранавічы, Мінск — Маладзечна — Ліда, Баранавічы — Ліда. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўляў камандзір дыверсійна-разведвальнага атрада (які лічыўся галаўным атрадам) В. В. Шчарбіна (загінуў 23.9.1942).

Спачатку АЗПА аб’ядноўваў атрады: дыверсійна-разведвальны В. В. Шчарбіны (з кастрычніка 1942 — атрад «Дзімы», гл. у артыкуле Партызанскі атрад В. В. Шчарбіны), 125‑ы імя І. В. Сталіна, імя В. І. Чапаева, 620‑ы (пазней імя I. П. Кузняцова), В. З. Браева, А. Свентаржэцкага, 621‑ы (пазней імя В. П. Чкалава) Баранавіцкай вобласці; імя С. М. Будзённага Вілейскай вобласці; «Штурм» Мінскай вобласці. Пазней АЗПА пашырыла свой уплыў на ўсе атрады, якія базіраваліся ў Налібоцкай і Ліпічанскай пушчах. З лістапада 1942 г. большасць атрадаў, што ўваходзіла ў склад АЗПА, была аб’яднана ў брыгады: імя І. В. Сталіна, імя В. П. Чкалава, Ленінскую Баранавіцкай вобласці; «Штурмавую» Мінскай вобласці; імя М. В. Фрунзэ Вілейскай вобласці.

У сувязі з пераходам у снежні 1942 г. галаўнога атрада «Дзімы» ў Лагойскі раён Мінскай вобласці АЗПА страціла магчымасць каардынаваць дзейнасць партызанскіх брыгад і асобна дзейных атрадаў Баранавіцкай вобласці і ў ліпені 1943 г. было скасавана. Пазней гэтыя брыгады і атрады ўліліся ў Баранавіцкае і Вілейскае партызанскія злучэнні.

Камандзіру галаўнога атрада В. В. Шчарбіне прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.