Дата стварэння: 29.01.2024 12:01:12
Дата змены: 21.08.2025 09:49:40
Партыза́нская брыга́да 1‑я Белару́ская 1‑га складу
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Суражскага, Віцебскага і Гарадоцкага раёнаў Віцебскай вобласці.
Створана 8 красавіка 1942 г. на базе асобных атрадаў М. П. Шмырова («Бацькі Міная», арганізаваны ў ліпені 1941, пазней прысвоена імя камандзіра атрада Р. С. Курмялёва, які загінуў у жніўні 1942), Д. Я. Воранава (пазней А. П. Дзіка), Д. Ф. Райцава і М. Ф. Біруліна, а таксама атрадаў Ф. А. Місунова і Р. І. Сысоева, у снежні 1942 г. уключаных у атрад М. Ф. Біруліна як роты. У чэрвені 1942 г. сфарміраваны Буеўскі атрад, у сакавіку 1943 г. — атрад М. П. Машкова, у ліпені 1943 г. — атрад І. І. Жаваранкава.
У ліпені 1942 г. з брыгады вылучаны 200 партызан для фарміравання партызанскай брыгады Беларускай дыверсійнай імя У. I. Леніна, у верасні 1942 г. — 50 партызан для папаўнення атрада А. К Флегантава (гл. партызанская брыгада «За Радзіму» імя А. К. Флегантава), у лістападзе 1942 г. — атрад Д. Ф. Райцава (на яго базе створана партызанская брыгада імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола), у лютым 1943 г. — атрад М. Ф. Біруліна (на яго базе створана партызанская брыгада 1‑я Віцебская 1‑га складу, частка сіл якой, у т. л. атрад 5‑ы — былы атрад Ф. А. Місунова, у кастрычніку 1943 увайшла ў партызанскую брыгаду 1‑ю Віцебскую 2‑га складу), у ліпені 1943 г. — атрад А. Д. Гурко (былы атрад А. П. Дзіка, пазней разгорнуты ў партызанскую брыгаду 1‑ю Беларускую 2‑га складу).
З першых дзён акупацыі атрад «Бацькі Міная» рабіў засады на дарогах Сураж — Усвяты, Сураж — Веліж, Веліж — Усвяты, нападаў на варожыя гарнізоны. У верасні 1941 г. разграміў гарнізон у г. п. Сураж. У 1942 г. партызаны разам з часцямі Чырвонай арміі вызвалілі частку Суражскага і Віцебскага раёнаў, якая ўвайшла ў Суражскую партызанскую зону, ахоўвалі і абаранялі паўднёвыя рубяжы зоны — Віцебскія «вароты», забяспечвалі праз іх зносіны з савецкім тылам. Фарміравалі і пасылалі групы і атрады ў глыбокую разведку і для наладжвання сувязі з партызанскімі атрадамі іншых раёнаў і абласцей. У сакавіку, чэрвені і снежні 1942 г., лютым — сакавіку і чэрвені 1943 г. вялі баі з карнікамі. Нападалі на варожыя гарнізоны і апорныя пункты ў вёсках Малая Любшчына, Вялікая Любшчына (май 1942), Смолаўка (жнівень 1942) Суражскага раёна, Пунішча (снежань 1942) Віцебскага раёна, падарвалі нафтабазу і знішчылі склады са збожжам у г. Гарадок (май 1942). Наносілі ўдары на чыгунках і шашэйных дарогах Віцебск — Гарадок, Віцебск — Полацк, па воднай камунікацыі на р. Заходняя Дзвіна, захапілі катэр і маторную лодку праціўніка (май 1942), сарвалі суднаходства па Заходняй Дзвіне ў навігацыю 1942–1943 гг.
Колькасны склад фарміравання дасягаў 1,5–2 тыс. партызан. У баях з ворагам брыгада панесла цяжкія страты. Толькі ў час карнай аперацыі з 14 лютага па 19 сакавіка 1943 г. брыгада страціла 669 чалавек (забіта 110, паранена 52, прапалі без вестак 224, выйшлі ў савецкі тыл 98, перайшлі ў склад іншых брыгад і атрадаў 185 чалавек).
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 26 кастрычніка 1943 г., на той момант уключала атрады імя Р. С. Курмялёва, Буеўскі, А. П. Дзіка (былы атрад Д. Я. Воранава), М. П. Машкова, I. I. Жаваранкава, налічвала 756 партызан.
Камандзіры брыгады: М. П. Шмыроў (да лістапада 1942), Я. З. Захараў; камісары: Р. У. Шкрэда, Ц. Р. Кавалеўскі (выконваў абавязкі); начальнікі штаба: Я. З. Захараў, I. I. Панчошны, М. С. Емяльянаў, М. А. Золін.
Камандзіру брыгады М. П. Шмырову прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У 1969 г. створаны Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова.
У гонар брыгады ў Віцебскім pаёне каля в. Тарасенкі ў 1970 г. была пастаўлена стэла, у в. Казакова ў 1972 г. і ў в. Астраўскія ў 1975 г. — помнікі. Брыгада таксама ўвекавечана на помніку партызанам, пастаўленым у 1979 г. каля в. Дубрава Гарадоцкага раёна.
У гонар атрада М. П. Шмырова, на базе якога стваралася брыгада, у Віцебскім раёне ў 1964 г. былі пастаўлены абеліскі ў в. Пудаць на месцы стварэння атрада і на беразе р. Тураўка (Успол) каля былой в. Цімахі ў памяць пра першы бой атрада, а таксама мемарыяльныя дошкі ў в. Заполле ў 1960 г. і ў г. п. Сураж у 1961 г.