Дата стварэння: 29.01.2024 12:01:44
Дата змены: 15.05.2025 15:00:52
Партыза́нскі ла́гер
У гады Вялікай Айчыннай вайны — часовая стаянка партызанскага фарміравання або яго падраздзяленняў у адрозненне ад працяглай іх дыслакацыі як гарнізонаў у населеных пунктах (гл. Партызанскі гарнізон). Часовы характар партызанскага лагера абумоўлены ступенню пагрозы нападу з боку войск праціўніка.
Партызанскія лагеры існавалі пераважна за межамі партызанскіх зон, у месцах, дзе даводзілася часта мяняць дыслакацыю. Амаль заўсёды лагеры ствараліся ў лясных масівах. Партызанскія фарміраванні, якія доўгі час дыслацыраваліся як гарнізоны ў населеных пунктах партызанскіх зон, таксама даволі часта стваралі для сябе запасныя лагеры ў суседніх лясных урочышчах, куды яны адыходзілі пад націскам пераўзыходзячых сіл праціўніка.
У лесе партызанскі лагер, як правіла, ператвараўся з часовай стаянкі ў сталае размяшчэнне баявога фарміравання на ўмацаванай пазіцыі з узвядзеннем некаторых абарончых збудаванняў. У такіх выпадках партызанскі лагер мог выкарыстоўвацца як апорны пункт, здольны да доўгатэрміновай абароны ад войск праціўніка ці да забеспячэння сваёй абаронай адыходу асноўных партызанскіх сіл для заняцця новых баявых пазіцый, а таксама для пераходу да новага месца дыслакацыі. У лясных урочышчах на кароткі час лагерам размяшчаліся партызанскія фарміраванні, якія былі ў рэйдзе ці вярнуліся з яго.
Асабовы састаў партызанскага ляснога лагера звычайна размяшчаўся ў зямлянках, а летам яшчэ і ў буданах. Тут разам з байцамі знаходзілася камандаванне партызанскага фарміравання і яго падраздзяленняў. У партызанскіх лагерах, як і ў гарнізонах населеных пунктаў з больш пастаяннай дыслакацыяй, размяшчаліся ўсе тылавыя службы і сродкі баявога і матэрыяльнага забеспячэння. Акрамя асабовага саставу, камандавання і штабоў у лагеры заўсёды знаходзіліся абоз, сродкі харчова-фуражнага забеспячэння, харчовы блок, майстэрні па рамонце абмундзіравання і ўзбраення, медыцынска-санітарная служба (палявая амбулаторыя, палявы шпіталь, лазня). Часам пры спешным адыходзе партызаны пакідалі на тэрыторыі лагера добра замаскіраваную зямлянку з цяжкахворымі і параненымі. У гэтых выпадках лагер набываў вузкаспецыялізаванае значэнне са строга абмежаванымі функцыямі. Таксама такія строга абмежаваныя функцыі выконваў лагер, дзе размяшчалася падраздзяленне па ахове і абслугоўванні партызанскага аэрадрома.
Ва ўмовах Беларусі ў вялікім лясным лагеры разам з партызанскімі фарміраваннямі і пад іх аховай часта размяшчаліся сямейныя лагеры з жыхарамі населеных пунктаў, якія хаваліся ад праследавання фашысцкіх карнікаў.
На тэрыторыі Беларусі партызанскія лагеры з’яўляліся адным з абавязковых элементаў функцыянавання партызанскіх фарміраванняў і іх баявой дзейнасці.
На месцы многіх партызанскіх лагераў створаны мемарыяльныя комплексы (гл. «Зыслаў», «Хаваншчына»), пастаўлены помнікі, мемарыяльныя знакі.