Дата стварэння: 15.02.2024 14:33:30
Дата змены: 15.05.2025 15:22:25
Партыза́нская брыга́да «Упе́рад»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Юрацішкаўскага і Іўеўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Створана ў лістападзе 1943 г. на базе атрадаў імя В. П. Чкалава (арганізаваны ў ліпені 1942 на базе партызанскіх груп Ф. I. Зайцава, I. М. Палешчука, С. С. Ключніка, I. М. Ляўковіча), імя Аляксандра Неўскага, «Бальшавік» (арганізаваны ў чэрвені 1943), «Гай» (арганізаваны ў маі 1943, з мая 1944 «Беларускі мсцівец») і «Сібірак» (арганізаваны ў верасні 1943 на базе добраахвотнікаў-сібіракоў). У красавіку 1944 г. на базе вылучанага з брыгады атрада імя Аляксандра Неўскага створана партызанская брыгада імя Аляксандра Неўскага.
Партызаны баявымі дзеяннямі зрывалі варожыя перавозкі на чыгуначных участках Ліда — Маладзечна, Баранавічы — Ліда. У лютым 1944 г. падарвалі 5 эшалонаў. На ўчастку Яхімаўшчына — Юрацішкі спалілі 58 вагонаў з ваеннай тэхнікай, спынілі рух на 57 гадзін. Разграмілі 10 варожых апорных пунктаў, у сакавіку 1944 г. правялі 15 баёў, захапілі 15 вінтовак, 2 кулямёты, боепрыпасы. У чэрвені 1944 г. падарвалі 580 рэек.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 6 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. П. Чкалава, «Беларускі мсцівец», «Бальшавік», «Сібірак», у якіх налічваўся 471 партызан.
Камандзіры брыгады: Б. А. Булат, Ф. Г. Камароў (выконваў абавязкі); камісар М. В. Пронькін; начальнік штаба М. У. Сабіла.
Камандзіру брыгады Б. А. Булату прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.