Дата стварэння: 15.02.2024 14:34:47
Дата змены: 20.06.2025 10:08:35
Партыза́нская брыга́да Лёзненская
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Лёзненскага, Сенненскага, Чашніцкага, Бешанковіцкага, Багушэўскага, Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці, Ільянскага раёна Вілейскай вобласці, Крупскага і Халопеніцкага раёнаў Мінскай вобласці.
Створана ў маі 1943 г. на базе атрадаў: «Граза» (потым 1‑ы, арганізаваны ў чэрвені 1942), імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў маі 1942, потым 2‑і імя I. П. Спірыдонава, названы ў гонар камандзіра атрада І. П. Спірыдонава, загінуў у лістападзе 1943) і «Буравеснік» (арганізаваны ў красавіку 1943, потым 3‑i), вылучаных з брыгады «Аляксея» (пазней партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава).
У жніўні 1943 г. арганізаваны атрады 5‑ы, 6‑ы, 7‑ы, 8‑ы, у верасні — 9‑ы, 10‑ы, у кастрычніку — 11‑ы, 12‑ы. У снежні 1943 г. арганізаваны атрад 13‑ы і ўключаны ў склад брыгады атрад 4‑ы (арганізаваны ў маі 1943, да снежня дзейнічаў самастойна). У красавіку 1944 г. арганізаваны атрад 14‑ы, у чэрвені 1944 г. ён расфарміраваны.
Атрады былі аб’яднаны ў батальёны. У жніўні 1943 г. створаны батальён 1‑ы, уключаў атрады (па меры іх фарміравання) 1‑ы, 8‑ы, 9‑ы, 13‑ы. У верасні створаны батальён 2‑і, у які ўвайшлі атрады 3‑і, 10‑ы, 4‑ы. У кастрычніку створаны батальён 3‑і, які ўключаў атрады 5‑ы, 6‑ы, 7‑ы і 14‑ы, і батальён 4‑ы, які ўключаў атрады 2‑і, 11‑ы, 12‑ы.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунцы Віцебск — Смаленск, шашэйных і грунтавых дарогах. У «Рэйкавай вайне» на чыгунцы Віцебск — Орша падарвалі каля 400 рэек. У кастрычніку 1943 г. удзельнічалі ў штурме варожага гарнізона ў г. п. Чашнікі (гл. Чашніцкія баі 1943 г.), удзельнічалі ў Лепельскай аперацыі 1943 г. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Смалянцы Чашніцкага раёна (кастрычнік 1943), Багданава Сенненскага раёна (люты 1944), Чэрцы і Шубнікі Лепельскага раёна (сакавік 1944). У маі 1944 г. брыгада зрабіла баявы марш у Вілейскую вобласць, дзе ў маі — чэрвені ў Ільянскім раёне вяла баі з карнікамі.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант складалася з чатырох батальёнаў, якія ўключалі атрады 1‑ы, 8‑ы, 9‑ы і 13‑ы (батальён 1‑ы), 3‑і, 4‑ы і 10‑ы (батальён 2‑і), 5‑ы, 6‑ы і 7‑ы (батальён 3‑і), 2‑і імя І. П. Спірыдонава, 11‑ы і 12‑ы (батальён 4‑ы), у іх змагаліся 604 партызаны.
Камандзір брыгады П. I. Кірылаў; камісары: А. Ц. Шчарбакоў, Ц. П. Шакінка, М. В. Комлеў (выконваў абавязкі), К. М. Кірылаў (загінуў); начальнік штаба I. Д. Крупін.