ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ Я. М. СВЯРДЛОВА, Брэсцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ Я. М. СВЯРДЛОВА

Дата стварэння: 15.02.2024 14:36:21

Дата змены: 15.05.2025 15:22:49


Партыза́нская брыга́да імя́ Я. М. Свярдло́ва

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Іванаўскага, Ганцавіцкага, Драгічынскага раёнаў Пінскай вобласці, Антопальскага і Бярозаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці (цяпер усе раёны, акрамя скасаванага Антопальскага, у Брэсцкай вобласці).

Створана ў лістападзе 1943 г. на базе атрадаў імя В. П. Чкалава (арганізаваны ў кастрычніку 1941 на базе групы маёра Гарбуна; у жніўні 1942 уліўся ў атрад Ю. А. Бярэнчыка, сфарміраваны на базе партызанскай групы, якая дзейнічала з ліпеня 1941 у Бярозаўскім pаёне; у чэрвені 1943 аб’яднаны атрад атрымаў імя В. П. Чкалава), імя Я. Г. Макарэвіча (створаны ў верасні 1942 у Іванаўскім раёне на базе маладзёжнай групы, якую ў ліпені 1941 арганізавалі патрыёты з вёсак Моталь і Опаль, і групы, што ўзнікла ў красавіку 1942 у Драгічынскім pаёне; у ліпені 1943 атрад атрымаў імя свайго камандзіра, які загінуў у баі ў чэрвені 1943). У красавіку 1944 г. у брыгаду быў уключаны асобны атрад імя В. Н. Бажэнкі.

У 1942–1943 гг. партызаны разграмілі больш за 20 апорных пунктаў ворага, валасных упраў, маёнткаў, разбурылі шмат прадпрыемстваў, мастоў на чыгуначных, шашэйных і грунтавых дарогах, у т. л. масты на р. Ясельда, на чыгуначных станцыях Драгічын, Снітава (на лініі Брэст — Гомель). Толькі ў чэрвені 1944 г. на ўчастку Люшча — Люсіна (на лініі Лунінец — Баранавічы) пашкодзілі 4 км чыгуначнага палатна. Ахоўвалі сямейныя лагеры, дзе жыло больш за 1,3 тыс. мірных жыхароў, працавала 6 пачатковых школ.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 16 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. П. Чкалава, імя Я. Г. Макарэвіча, імя А. А. Жданава, імя В. Н. Бажэнкі, у якіх налічваўся 1 001 партызан.

Камандзір брыгады I. П. Марыняка, камісар Р. А. Дудко, начальнік штаба А. I. Сямёнаў.

У гонар брыгады ў гарадах Драгічын і Іванава ў 1965 г. устаноўлены мемарыяльныя дошкі.