Дата стварэння: 02.03.2023 11:06:40
Дата змены: 11.09.2024 14:48:27
Калі́нкавіцкія вайско́выя злучэ́нні i ча́сці
За вызваленне г. Калінкавічы (14.1.1944) у ходзе Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі 1944 г. ганаровае найменне «Калінкавіцкія» паводле загаду Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 15 студзеня 1944 г. атрымала 21 вайсковае злучэнне і часць Беларускага фронту.
Часці і злучэнні, якім нададзены найменні «Калінкавіцкія»: 81‑я (палкоўнік I. П. Хорыкаў), 253‑я (палкоўнік А. Е. Філатаў), 354‑я (палкоўнік М. А. Крымскі) і 356‑я (генерал-маёр М. Р. Макараў) стралковыя дывізіі; 5‑я гвардзейская мінамётная дывізія (падпалкоўнік Г. М. Фанталаў); 5‑я артылерыйская дывізія прарыву (палкоўнік А. I. Снягураў); 1‑я гвардзейская мотастралковая брыгада (палкоўнік Г. М. Філіпаў); 68‑я асобная танкавая брыгада (падпалкоўнік Р. А. Цімчанка); 41‑я асобная знішчальна-процітанкавая (палкоўнік Г. Я. Каган) і 44‑я асобная пушачная (палкоўнік Р. А. Айрапетаў) артылерыйскія брыгады; 67‑ы гвардзейскі пушачны (палкоўнік А. I. Панамарэнка), 237‑ы самаходны (маёр В. С. Каськоў) і 206‑ы знішчальна-процітанкавы (падпалкоўнік С. А. Герасіменка) артылерыйскія палкі; 57‑ы (маёр К. П. Іванцоў) і 779‑ы (падпалкоўнік А. В. Храмчанкаў) бамбардзіровачныя і 517‑ы знішчальны (падпалкоўнік С. В. Баранаў) авіяцыйныя палкі; 3‑і гвардзейскі батальён інжынерных загародаў (маёр Р. I. Гасенка); 86‑ы асобны штурмавы інжынерна-сапёрны батальён (маёр А. А. Кузняцоў); 257‑ы асобны матарызаваны інжынерны батальён (маёр I. А. Фадзееў); 732‑і асобны знішчальна-процітанкавы дывізіён (маёр В. С. Хаменка); 821‑ы асобны рэактыўны артылерыйскі дывізіён (маёр І. П. Касторных).
Войскам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Калінкавіч, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага 14 студзеня 1944 г. абвешчана падзяка, у Маскве дадзены салют 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат.