Дата стварэння: 04.03.2024 16:25:58
Дата змены: 15.05.2025 15:21:54
Партыза́нская брыга́да імя́ М. В. Фру́нзэ
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Радашковіцкага і Ільянскага раёнаў Вілейскай вобласці (абодва раёны скасаваны, тэрыторыя цяпер уваходзіць у склад Валожынскага, Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў Мінскай вобласці) і Лагойскага раёна Мінскай вобласці.
Створана ў студзені 1943 г. на базе атрадаў «За Радзіму» (арганізаваны ў ліпені 1942), імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў жніўні 1942), «Камсамолец» (арганізаваны ў верасні 1942), у канцы студзеня да брыгады далучыліся дыверсійныя групы І. І. Міроненкі і З. С. Трацэўскага. У сакавіку 1943 г. арганізаваны атрад «За Савецкую Беларусь», у кастрычніку 1943 г. — атрад «Чырвоны сцяг». Атрад «Камсамолец» у маі 1943 г. перададзены разведгрупе капітана М. М. Багатырова. У верасні 1943 г. — лютым 1944 г. у складзе брыгады дзейнічаў асобны атрад «Баец».
Партызаны брыгады ўдзельнічалі ў «Рэйкавай вайне», нападалі на варожыя гарнізоны ў вёсках Раманаўка, Паперня, Хаценчыцы (гл. Хаценчыцкі бой 1943 г.), Ілья, Раёўка, Вязынь. У студзені 1944 г. падарвалі электрастанцыю ў г. Маладзечна, 7 разоў пераразалі падземны тэлефонны кабель, які звязваў нямецкі фронт з Берлінам. Карнікі 4 разы блакіравалі брыгаду, але кожны раз пасля жорсткіх баёў яна выходзіла з акружэння. У канцы чэрвеня 1944 г. партызаны вызвалілі вёскі Ілья, Вязынь, Раёўка і ўтрымлівалі іх да падыходу Чырвонай арміі.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «За Радзіму», імя К. Я. Варашылава, «За Савецкую Беларусь», «Чырвоны сцяг», у якіх змагаліся 844 партызаны.
Камандзіры брыгады: М. М. Багатыроў, А. М. Захараў (загінуў), Э. Л. Смаленскі; камісары: I. І. Міроненка, П. М. Шалкоўскі, М. В. Чарапанаў; начальнік штаба А. Д. Коўбій.
У гонар брыгады ў в. Навасёлкі Вілейскага раёна ў 1965 г. і ў в. Раёўка Маладзечанскага pаёна ў 1975 г. пастаўлены помнікі.