Дата стварэння: 05.03.2024 09:13:59
Дата змены: 11.09.2024 15:26:25
«Ле́нінская пра́ўда»
Газета, заснавана ў студзені 1929 г. пад назвай «Чырвоны койданавец» як орган Койданаўскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Мінскай вобласці, са студзеня 1934 г. — орган Дзяржынскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных. Назва выдання неаднаразова змянялася («Трактар» у сакавіку — маі 1930; «Ударнік Койданаўшчыны» ў студзені 1931 — сакавіку 1932; «Ударнік Дзяржыншчыны» ў студзені 1934 — жніўні 1937). З 22 студзеня 1941 г. пасля перапынку ў выданні адноўлена пад назвай «Ленінская праўда». Выходзіла да чэрвеня 1941 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Дзяржынскага падпольнага райкама КП(б)Б. Вядома 36 нумароў (№ 1–12 за 1943; № 1–24 за 1944) за перыяд з 12 верасня 1943 г. да 30 чэрвеня 1944 г. на беларускай мове. Рэдактар В. І. Яблашэўскі.
Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад той жа назвай (да 25.4.1962). З 7 сакавіка 1963 г. мела назву «Сцяг Кастрычніка». З 1965 г. друкавалася як орган Дзяржынскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977).
З чэрвеня 2010 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Узвышша» адзін раз на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Дзяржынскі раённы выканаўчы камітэт і Дзяржынскі раённы Савет дэпутатаў. У ліпені 2017 г. увайшла ў склад абласнога медыяхолдынга «Рэдакцыя газеты “Мінская праўда”» (УП «Інфармацыйнае агенцтва “Мінская праўда”» з лістапада 2020).