Дата стварэння: 05.03.2024 09:14:57
Дата змены: 23.08.2024 10:09:17
«Ле́нінскі шлях»
Газета, заснавана ў кастрычніку 1931 г. як орган Буда-Кашалёўскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Гомельскай вобласці.
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Буда-Кашалёўскага падпольнага райкама КП(б)Б. Вядома 9 нумароў (№ 1–9) за перыяд з 2 жніўня да 9 лістапада 1943 г. на беларускай мове. Рэдактар К. С. Кавалёў.
Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад той жа назвай. З 26 красавіка 1962 г. мела назву «Авангард». З 1965 г. друкавалася як орган Буда-Кашалёўскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977).
Раённая газета, выходзіць пад назвай «Авангард» адзін раз на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Буда-Кашалёўскі раённы выканаўчы камітэт і Буда-Кашалёўскі раённы Савет дэпутатаў, рэдакцыя газеты.