Дата стварэння: 05.03.2024 09:34:17
Дата змены: 11.09.2024 14:33:51
«Сме́рть оккупа́нтам»
Газета, заснавана ў лістападзе 1930 г. пад назвай «Чырвоны барацьбіт» як орган Чачэрскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Гомельскай вобласці. Са жніўня 1931 г. мела назву «Сцяг калектывізацыі». З ліпеня 1938 г. называлася «Стаханавец палёў». Выходзіла да 23 мая 1941 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Чачэрскага падпольнага райкама КП(б)Б. Выдавалася пры партызанскай брыгадзе 1‑й Гомельскай. Партатыўная друкарня была дастаўлена з Вялікай зямлі. Вядомы 3 нумары: № 1 за 30 ліпеня, № 2 за 7 верасня, № 3 за 10 верасня 1943 г. на рускай мове. Рэдактар Я. Л. Дуброўскі.
Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад той жа назвай па сакавік 1945 г., затым змяніла назву на «Стаханавец палёў». З 5 ліпеня 1956 г. да 21 красавіка 1962 г. мела назву «Шлях перамогі». Пасля перапынку ў выданні была адноўлена 1 красавіка 1965 г. пад назвай «Трыбуна камунізма». Друкавалася як орган Чачэрскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977).
З 1991 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Чачэрскі веснік» адзін раз на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Чачэрскі раённы выканаўчы камітэт і Чачэрскі раённы Савет дэпутатаў, рэдакцыя газеты.