pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1‑я БЕЛАРУСКАЯ КАВАЛЕРЫЙСКАЯ

Дата стварэння: 15.03.2024 10:44:47

Дата змены: 10.07.2025 14:29:16


Партыза́нская брыга́да 1‑я Белару́ская кавалеры́йская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Мірскага і Карэліцкага раёнаў Баранавіцкай вобласці.

У жніўні 1942 г. з атрада імя В. П. Чкалава (гл. Партызанская брыгада «Уперад» Баранавіцкай вобласці) вылучылася група Д. А. Дзенісенкі, якая папоўнілася моладдзю з Мірскага і Карэліцкага раёнаў, у снежні ў яе ўлілася частка партызанскага атрада Д. I. Семянцова; з мая 1943 г. — кавалерыйскі атрад, з 5 красавіка 1944 г. — кавалерыйскі дывізіён. У жніўні 1944 г. дывізіён вызначаны як 1‑я Беларуская кавалерыйская брыгада 3‑атраднага складу.

Партызаны вялі баі супраць варожых апорных пунктаў, гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў у вёсках Антанёва, Вялікія Жухавічы, Вялікая Слабада і іншых населеных пунктах Мірскага раёна, разграмілі 11 гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў, 5 валасных упраў і 24 сельскія дзяржаўныя маёнткі. У час «Рэйкавай вайны» перабілі 300 рэек. Разам з брыгадамі імя А. В. Суворава і «25 гадоў БССР» брыгада 2–3 ліпеня 1944 г. вяла баі з нямецкімі войскамі на паўднёвай ускраіне Налібоцкай пушчы, утрымлівала пераправу цераз р. Нёман.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 10 ліпеня 1944 г., на той момант налічвала 530 партызан.

Камандзір брыгады Д. А. Дзенісенка, камісар У. А. Грачанічэнка, начальнік штаба I. А. Салашэнка.

Брыгада ўвекавечана на помніку ў гонар партызан, пастаўленым у 1979 г. у в. Ярэмічы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.