Дата стварэння: 15.03.2024 10:45:44
Дата змены: 05.03.2025 09:06:04
Партыза́нская брыга́да 13‑я Касцюко́віцкая
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Касцюковіцкага, Клімавіцкага і Прапойскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створана ў маі 1943 г. загадам Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы (абласной) з атрадаў 719‑га (склаўся ў красавіку 1943 на базе арганізатарскай групы С. А. Мазура і даданай ёй 3‑й роты 277‑га атрада), 46‑га (утвораны ў маі 1943 з групы К. К. Хлявіцкага), 718‑га (утвораны з групы М. П. Сімакова). У жніўні 1943 г. атрады перайменаваны адпаведна ў 1‑ы, 2‑і і 3‑і батальёны.
Партызаны 20 красавіка — 31 мая 1943 г. зрабілі рэйд з Клічаўскага pаёна ў Клімавіцкі, фарсіравалі рэкі Друць, Дняпро, Проня, Сож, з боем перайшлі чыгуначную лінію Магілёў — Жлобін на ўчастку Быхаў — Рагачоў. У чэрвені — верасні 1943 г. вялі баі з ворагам, абараняючы раён дыслакацыі, праводзілі аперацыі на ўчастку чыгункі Клімавічы — Касцюковічы на лініі Крычаў — Унеча (Расія) і прылеглых грунтавых дарогах. Удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна».
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 29 верасня 1943 г., на той момант уключала батальёны 1‑ы, 2‑і, 3‑і, у якіх налічвалася 1 080 партызан.
Камандзір брыгады С. А. Мазур, камісар Д. Е. Савельеў, начальнік штаба I. М. Мароз.