pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ ГРУПА «ВОЛАТЫ»

Дата стварэння: 15.03.2024 10:49:49

Дата змены: 15.05.2025 15:22:25


Партыза́нская гру́па «Во́латы»

Спецгрупа Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі (НКДБ) СССР.

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Капыльскага, Дзяржынскага, Слуцкага раёнаў Мінскай вобласці, Навамышскага і Стаўбцоўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці, Лунінецкага раёна Пінскай вобласці.

Група ў складзе 46 чалавек сфарміравана ў савецкім тыле і ў студзені 1944 г. перапраўлена за лінію фронту. Пасля выхаду ў раён дыслакацыі папоўнілася мясцовым насельніцтвам.

Партызаны правялі 63 баявыя аперацыі, пусцілі пад адхон 43 варожыя эшалоны, у т. л. браняпоезд, разбілі 47 паравозаў, 347 вагонаў і платформ, знішчылі 9 аўтамашын, 2 танкі, мост. На чыгунцы Баранавічы — Лунінец 1 сакавіка 1944 г. быў падарваны эшалон з жывой сілай, разбіта 8 вагонаў і цягнік, забіта і паранена 160 нямецкіх салдат і афіцэраў. За час знаходжання ў тыле ворага група вытрымала 11 баявых сутыкненняў, знішчыўчы пры гэтым 25 салдат і афіцэраў праціўніка. Праводзілася вялікая разведвальная работа па ўстанаўленні, нумарацыі і перадыслакацыі нямецкіх войск, а таксама месцазнаходжання варожых гарнізонаў.

Група злучылася з Чырвонай арміяй 1–2 ліпеня 1944 г., на той момант налічвала 100 чалавек.

Камандзір А. М. Шыхаў (прысвоена званне Героя Савецкага Саюза).