Дата стварэння: 15.03.2024 10:51:01
Дата змены: 15.05.2025 15:27:56
Партыза́нскі атра́д 115‑ы
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Клічаўскага, Бярэзінскага, Бялыніцкага, Кіраўскага і Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створаны ў верасні 1942 г. з групы мясцовай самаабароны Кабылянскага сельсавета Клічаўскага раёна. З лістапада 1942 г. атрад у складзе партызанскай брыгады 4‑й Клічаўскай, з мая 1943 г. зноў дзейнічаў самастойна, з ліпеня 1943 г. асобны атрад Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы.
Партызаны вялі баі супраць карнікаў у Клічаўскім pаёне. У красавіку 1944 г. удзельнічалі ў разгроме варожага гарнізона ў в. Пагост Бярэзінскага pаёна. Разбурылі чыгуначнае палатно на ўчастках Магілёў — Дашкаўка (жнівень 1943), Магілёў — Латва (чэрвень 1944). Вялі баі за ўтрыманне партызанскай зоны.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант налічваў 345 партызан.
Камандзіры атрада: А. П. Доўгі, I. Ф. Рудаў, I. Я. Вайтусёнак; камісары: П. М. Вікторчык, А. Я. Шчыслёнак; начальнік штаба Д. П. Скрыпка.