pdf

БРАГІНСКАЕ ПАРТЫЙНА-ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 18.05.2024 09:36:38

Дата змены: 27.02.2025 16:09:04


Бра́гінскае парты́йна-патрыяты́чнае падпо́лле

Дзейнічала у г. п. Брагін і ў в. Савічы Брагінскага pаёна Палескай вобласці (цяпер у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці) з канца 1941 г. да верасня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Падпольную групу ў Брагіне (15 чалавек) стварыў і ўзначаліў камуніст П. Р. Зяновіч, з вясны 1942 г. кіраўнік М. Л. Дубіна, з кастрычніка 1942 г. — С. I. Рэпчанка; групу ў в. Савічы (19 чалавек) стварылі і ўзначалілі С. I. Філіпенка і Ф. I. Філіпенка, з вясны 1942 г. кіраўнік Ф. А. Загаранскі. Групы наладзілі сувязь з партызанскім атрадам імя Р. І. Катоўскага.

Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, перашкаджалі фашыстам вывозіць моладзь на катаргу ў Германію. Вясной 1942 г. падпольная група в. Савічы разам з партызанамі разграміла мясцовы гарнізон ворага, маслазавод, знішчыла будынак і дакументы валасной управы.

У жніўні 1942 г. гітлераўцы арыштавалі каля 30 падпольшчыкаў. У пачатку верасня пасля катаванняў акупантамі расстраляны: К. Ф. Абушэнка, П. Ц. Анапрыенка, I. I. Бабіч, Р. К. Беразняцкі, М. Л. Дубіна, В. І. Елішэвіч, Я. I. Скараход, А. М. Фурс, Т. С. Шчука, Н. М. Яфіменка (Ефіменка), К. М. Юдзёнак і інш. Тыя, хто пазбег арышту, а таксама новыя ўдзельнікі падполля ўзмацнілі дапамогу партызанам, агітацыю ў славацкіх вайсковых падраздзяленнях праціўніка. У 1943 г. падпольшчыкі спалілі друкарню, 2 аўтамашыны, вывелі са строю электрастанцыю; 11 красавіка з партызанамі разграмілі ў Брагіне варожы гарнізон, пасля чаго пайшлі ў партызанскі атрад імя Р. І. Катоўскага.