pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 8‑я

Дата стварэння: 18.05.2024 09:48:22

Дата змены: 11.09.2024 15:07:20

Партыза́нская брыга́да 8‑я

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ганцавіцкага і Целяханскага раёнаў Пінскай вобласці, Быценскага раёна Баранавіцкай вобласці і Косаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

Створана ў Круглянскім pаёне Магілёўскай вобласці ў снежні 1943 г. у складзе атрадаў 36‑га (пачаў фарміравацца ў ліпені 1941 у в. Хватаўка Бялыніцкага pаёна, аформлены ў красавіку 1942), 40‑га (арганізаваны ў маі 1942), 12‑га (арганізаваны ў чэрвені 1942), 15‑га (арганізаваны ў ліпені 1942).

У снежні 1943 — студзені 1944 г. брыгада зрабіла рэйд у Ганцавіцкі раён, потым у Косаўскі раён, дзе ўвайшла ў Брэсцкае партызанскае злучэнне.

Паводле задачы, пастаўленай аператыўнай групай пры ваенным савеце 61‑й арміі 1‑га Беларускага фронту, брыгада дзейнічала ў тыле войск праціўніка, якія займалі пазіцыі перад часцямі гэтай арміі. Наносіла ўдары па варожых камунікацыях, зрывала перавозкі, скоўвала манеўр войск 2‑й нямецкай арміі. Метадам дыверсій і засад знішчала жывую сілу гітлераўцаў. Вяла 9–15 красавіка 1944 г. баі з праціўнікам, які імкнуўся ачысціць свае тылы ад партызан. У красавіку — чэрвені 1944 г. партызаны падбілі 71 аўтамашыну ворага, знішчылі 5 мастоў. На чыгуначнай лініі Баранавічы — Брэст падарвалі і пашкодзілі 27 нямецкіх эшалонаў. У ноч на 20 чэрвеня 1944 г. штурмам авалодалі чыгуначным участкам каля станцыі Косава-Палескае і падарвалі больш за 750 рэек, бронедрызіну з аховай.

Брыгада паатрадна злучылася з Чырвонай арміяй 9–11 ліпеня 1944 г., на той момант уключала 36‑ы, 40‑ы, 12‑ы, 15‑ы атрады, у якіх змагаліся з ворагам 1 146 партызан.

Камандзір брыгады С. Г. Жунін, камісар В. А. Пятроў, начальнік штаба К. I. Мацеж.

Камандзіру брыгады С. Г. Жуніну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.