ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД ІМЯ М. І. КАЛІНІНА, Мінскай вобласці, камандзір Л. І. Сарока
pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД ІМЯ М. І. КАЛІНІНА

Дата стварэння: 18.05.2024 11:17:31

Дата змены: 20.06.2025 10:31:03


Партыза́нскі атра́д імя́ М. І. Калініна́

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Дзяржынскага, Мінскага, Рудзенскага, Пухавіцкага, Старадарожскага раёнаў Мінскай вобласці.

Створаны ў сакавіку 1943 г. загадам Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Чырвонай арміі. У снежні 1943 г. атрад (476 партызан) разгорнуты ў партызанскую брыгаду імя М. I. Калініна Мінскай вобласці (камандзір Л. І. Сарока). У сакавіку 1944 г. пры расфарміраванні брыгады зноў створаны атрад.

Партызаны вялі разведку, нападалі на варожыя апорныя пункты, гарнізоны і камунікацыі. Атрад 14 верасня 1943 г. знішчыў штабных афіцэраў нямецкай авіячасці, 5 кастрычніка 1943 г. партызаны падарвалі паравоз на чыгуначным участку Стоўбцы — Негарэлае. У красавіку — маі 1944 г. партызаны правялі 16 баёў з ворагам, 1 ліпеня 1944 г. на р. Пціч каля в. Парэчча (Пухавіцкі раён) пабудавалі мост для пераправы мотастралковай дывізіі Чырвонай арміі. Удзельнічалі ў ліквідацыі Мінскага катла.

Атрад (300 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г.

Камандзіры: Л. I. Сарока, А. М. Алейнік; камісар П. А. Сачак; начальнікі штаба: А. Ф. Дубінін, I. Ф. Мілюцін.

У складзе атрада ваяваў аўстрыйскі антыфашыст Ф. К. Петэр, які здаўся ў савецкі палон 6 мая 1942 г. пад Смаленскам. Быў разведчыкам, перакладчыкам. Загінуў 3 верасня 1943 г. Пахаваны ў Мінску на бульвары Талбухіна.