ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 20‑я ІМЯ В. С. ГРЫЗАДУБАВАЙ, Баранавіцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 20‑я ІМЯ В. С. ГРЫЗАДУБАВАЙ

Дата стварэння: 31.05.2024 10:58:02

Дата змены: 11.09.2024 15:14:25

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА   20‑я ІМЯ В. С. ГРЫЗАДУБАВАЙ, Баранавіцкай вобласці

Памятная стэла ў гонар 20‑й партызанскай брыгады імя В. С. Грызадубавай у вёсцы Залужжа Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Партыза́нская брыга́да 20‑я імя́ В. С. Грызаду́бавай

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Чырвонаслабодскага раёна Мінскай вобласці, Быценскага і Ляхавіцкага раёнаў Баранавіцкай вобласці.

Створана ў ліпені 1943 г. у Чырвонаслабодскім раёне як брыгада Ц. М. Сухарукава (у верасні 1943 брыгадзе прысвоена імя праслаўленай савецкай лётчыцы Героя Савецкага Саюза В. С. Грызадубавай, у студзені 1944 перайменавана ў брыгаду 20‑ю імя В. С. Грызадубавай) на базе атрадаў «За Радзіму», імя В. П. Чкалава, імя А. М. Матросава, імя М. Ф. Сільніцкага, Ф. С. Чарнова, якія былі сфарміраваны з асабовага саставу разбуйненага атрада Ц. М. Сухарукава (арганізаваны ў маі 1943 у Любанскім раёне з ініцыятыўнай групы Ц. М. Сухарукава, якая прыбыла з-за лініі фронту, і байцоў партызанскага злучэння Мінскай і Палескай абласцей). У жніўні ў брыгаду ўключаны сфарміраваны асобна атрад імя С. М. Кірава (у лістападзе вылучаны з брыгады, дзейнічаў самастойна). У верасні 1943 г. расфарміраваны атрад Ф. С. Чарнова. У снежні 1943 г. расфарміраваны атрад імя М. Ф. Сільніцкага, адначасова брыгадай арганізаваны атрады мясцовай самаабароны вёсак Тухавічы, Залужжа Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці і Разджалавічы (цяпер аграгарадок Раздзялавічы) Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці.

Толькі ў верасні — кастрычніку 1943 г. на чыгуначнай лініі Баранавічы — Лунінец і ўчастку Баранавічы — Быцень лініі Баранавічы — Брэст партызаны падарвалі некалькі эшалонаў і каля 900 рэек. У лістападзе 1943 г. у Ляхавіцкім раёне атрад імя В. П. Чкалава і жыхары в. Залужжа разбурылі 5 км вузкакалейкі на ўчастку Востраў — Крывошын, атрад «За Радзіму» і жыхары вёсак Тухавічы і Рагачы — больш за 300 м чыгуначнага палатна. Брыгада 21 чэрвеня 1944 г. удзельнічала ў 3‑м этапе аперацыі «Рэйкавая вайна» на захад ад станцыі Лясная на чыгуначнай лініі Брэст — Баранавічы. Вялі баі з карнікамі, якія імкнуліся прарвацца ў партызанскую зону, у т. л. каля вёсак Рагачы (3.2.1944) і Залужжа (5.2.1944 і 10.4.1944). За ўвесь перыяд партызаны падарвалі 1 571 рэйку, 30 эшалонаў, чыгуначны мост, 20 мастоў на іншых дарогах, у т. л. на Варшаўскай шашы цераз р. Шчара ў Ляхавіцкім pаёне. Пры сустрэчы з часцямі Чырвонай арміі аднавілі 9 мастоў і перапраў у Быценскім раёне.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 12 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. П. Чкалава, імя А. М. Матросава, «За Радзіму», мясцовай самаабароны в. Разджалавічы, мясцовай самаабароны в. Залужжа, мясцовай самаабароны в. Тухавічы, у якіх змагаліся 762 партызаны.

Камандзіры брыгады: Ц. М. Сухарукаў, С. С. Жарыкаў, В. З. Іваноў; камісары: М. I. Засмужац (выконваў абавязкі), В. З. Іваноў, Р. Д. Румянцаў, I. Я. Пархоўчанка; начальнікі штаба: В. X. Свірын, А. М. Данілаў.

У 1975 г. у в. Залужжа Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў гонар 20‑й партызанскай брыгады імя В. С. Грызадубавай пастаўлена памятная стэла.