pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 37‑я ЕЛЬСКАЯ

Дата стварэння: 31.05.2024 11:02:01

Дата змены: 05.03.2025 09:09:36


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА   37-я ЕЛЬСКАЯ

Мемарыяльная дошка ў гонар партызанскай брыгады 37‑й Ельскай і Ельскага падпольнага райкама КП(б)‌Б у аграгарадку Зашыр'е Ельскага раёна Гомельскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да 37‑я Е́льская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ельскага, Лельчыцкага, Тураўскага, Мазырскага і іншых раёнаў Палескай вобласці.

Створана 1 ліпеня 1943 г. загадам па Паўднёва-Прыпяцкім партызанскім злучэнні на базе Ельскага атрада (арганізаваны ў лютым 1942 з Качышчанскай і Скараднянскай партызанскіх груп), які пры фарміраванні брыгады разбуйнены на 4 атрады — «Бальшавік», імя В. І. Чапаева, «За Радзіму» і «Смерць фашызму».

Баявыя аперацыі партызаны праводзілі на чыгунках, шашэйных і грунтавых дарогах. Найбольш значныя з іх — засадныя баі 12 жніўня, 14 лістапада 1942 г., 30 сакавіка 1943 г. на дарогах Скароднае — Валаўская Рудня, Оўруч — Ельск. Некалькі баёў правялі разам з украінскімі партызанскімі атрадамі злучэння С. А. Каўпака, у т. л. бой у снежні 1942 г. каля в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна. У верасні 1943 г. партызаны ўдзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначным участку Багуцічы — Ельск. Разам з часцямі Чырвонай арміі вялі баі за вызваленне г. п. Ельск (гл. Ельская аперацыя 1943 г.).

Брыгада паатрадна злучылася з Чырвонай арміяй 27 лістапада і 19 снежня 1943 г., 11 студзеня 1944 г. Напярэдадні злучэння ўключала атрады «Бальшавік», імя В. І. Чапаева, «За Радзіму» і «Смерць фашызму», у якіх налічвалася 755 партызан.

Камандзір брыгады А. С. Mішчанка; камісары: Я. А. Татараў, I. П. Пастухоў; начальнік штаба С. I. Міксюк.

У гонар брыгады і Ельскага падпольнага райкама КП(б)‌Б у в. Зашыр’е (цяпер аграгарадок) Ельскага раёна Гомельскай вобласці на будынку сярэдняй школы ў 1970 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.