Дата стварэння: 31.05.2024 11:17:23
Дата змены: 11.09.2024 14:59:29
Партыза́нскi атра́д 24‑ы
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці, Крупскага раёна Мінскай вобласці і Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
Створаны ў маі 1942 г. і спачатку дзейнічаў самастойна; з чэрвеня 1942 г. па жнівень 1943 г. у партызанскай брыгадзе 8‑й Круглянскай Магілёўскай вобласці, са жніўня 1943 г. — асобны атрад Круглянскай ваенна-аператыўнай групы. Да 31 кастрычніка 1942 г. называўся атрад Г. С. Місніка.
Партызаны праводзілі аперацыі на чыгуначнай лініі Мінск — Орша, на шашы Мінск — Магілёў; 28 жніўня 1942 г. удзельнічалі ў разгроме чыгуначнай станцыі Слаўнае (гл. Слаўненская аперацыя 1942 г.) у Талачынскім раёне, у снежні 1942 г. і студзені 1943 г. — варожых гарнізонаў у вёсках Шапялевічы і Цяцерына Круглянскага pаёна. Вялі баі з карнікамі, у т. л. каля в. Сомры Крупскага раёна (16.11.1942). У час аперацыі «Рэйкавая вайна» ў жніўні 1943 г. на ўчастку чыгункі Слаўнае — Трацылава у Талачынскім раёне падарвалі больш за 100 рэек, а 20 чэрвеня 1944 г. на ўчастку Красноўка — Бобр у Крупскім раёне — больш за 300 рэек. У час злучэння з Чырвонай арміяй удзельнічалі ў баях з ворагам, які адступаў, каля в. Круча Круглянскага раёна.
Атрад (313 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г.
Камандзіры атрада: Г. С. Міснік, В. У. Кадышаў, П. В. Зямкоў; камісары: Ф. С. Старавойтаў, М. С. Садоф’еў (загінуў), М. К. Сушкоў, Ц. М. Лупека, I. А. Прыстромаў, К. Ф. Канавалаў; начальнікі штаба: Ц. М. Лупека, А. М. Гарбуноў.